У Літве нелегальныя мігранты ўчынілі бунт (абноўлена)



На літоўскім палігоне Руднінкай, дзе ўлады плануюць размясціць мігрантаў, адбылася бойка паміж паліцыяй і людзьмі, якія пратэстуюць супраць лагера. Кіраўнік Міністэрства унутраных спраў Літвы Агне Білатайце кажа, што акцыя пратэсту была правакацыяй — яе ўдзельнікі не з’яўляюцца мясцовымі жыхарамі, а прыехалі з іншых раёнаў краіны. Акрамя таго, яны нападалі на афіцэраў і палілі покрыўкі. Распачатае дасудовае расследаванне.

Таксама паведамляецца пра бунт у адным з лагераў для мігрантаў, якім „пашчасціла” трапіць у Літву. Іракцы, якія там утрымліваюцца, патрабуюць вярнуць ім тэлефоны і прывезці медыкаў. Яны не бяруць ежу, якую прывозяць у лагер, і забараняюць іншым браць яе.

„Усё пачалося раніцай, калі не дазволілі раздаваць мігрантам прывезеную ежу. Ежу не дазволілі браць нават дзецям і падлеткам, а таксама жанчынам”, – сказаў Delfi намеснік дырэктара адміністрацыі Алітускага муніцыпалітэта Віргіліюс Пранскявічус.

Delfi атрымаў відэа з запісам падзей, якія адбываліся ў панядзелак раніцай. На відэа бачна, у якіх умовах жывуць нелегалы. „Там усюды смецце, у туалетах экскрыменты льюцца праз край, мігранты не пускаюць работнікаў чыніць каналізацыю. Зараз мы і самі баімся пасылаць туды работнікаў, гэта небяспечна”, – сказаў Пранскявічус.

Зараз у Верэбеяй дзяжураць 16 супрацоўнікаў Службы грамадскай бяспекі. Яны працуюць у жудасных умовах: дзяжураць 8 гадзін, потым там жа адпачываюць у спальных мяшках ля плота. Потым – зноў дзяжурства. У іх нават няма нармальных умоваў для падтрымання гігіены.

Фота: скрыншот з відэа

* * * 

Група людзей на аўтамабілях блакуе подступы да палігона ў Руднінкай, дзе вызначаецца размясціць нелегальных мігрантаў, паведамляе DELFI.

Кіраўнік Службы грамадскай бяспекі Рычардас Поцюс паведаміў, што блакуецца мост праз раку Меркіс. «Не прапускаюць грузавікі з намётамі і іншым абсталяваннем. Мабыць, адбываецца тое ж, што ў Дзевенішкес (у гэтым літоўскім горадзе жыхары дамагліся адтэрміноўкі адкрыцця цэнтра прыёму нелегальных мігрантаў. – Заўвага. Рэдакцыі). Тыя ж мэты», — патлумачыў Поцюс.

26 ліпеня міністр унутраных спраў Агне Білатайце паведаміла, што каля 1,5 тысяч замежнікаў будзе размешчана на палігоне ў Руднінкай (Салечніцкі раён), у намётавым мястэчку.

«Прынята рашэнне, зараз намёты едуць на Руднінкскі палігон, які з’яўляецца тэрыторыяй, паднагляднай Службе грамадскай бяспекі. Там дакладна будзе нескладана забяспечыць пытанні бяспекі», — сказала яна журналістам.

Нагадаем, Літва ў апошнія месяцы сутыкаецца з прыкметным ростам нелегальнай міграцыі. Праз Беларусь у краіну трапілі ўжо больш за 2,7 тысяч нелегальных мігрантаў.

novychas.by