У Літве перахапілі чарговую буйную партыю кантрабандных цыгарэт



Літоўскія мытнікі выявілі чарговую буйную партыю беларускіх цыгарэт на мяжы.

11 красавіка каля пяці раніцы грамадзянін Беларусі перасякаў мяжу на фуры DAF у пункце пропуску «Шальчынінкай». У дакументах было пазначана, што ён вязе ў Польшчу кардон транзітам праз Літву, паведамляе REFORM.by.

Пры аглядзе грузу мытнікі звярнулі ўвагу, што кардон выкладзены неакуратна, і вырашылі прасканаваць аўтамабіль. Высветлілася, што ва ўпакоўках лістоў кардона былі выразаныя спецыяльныя паражніны, у якіх знаходзіліся цыгарэты.

Усяго было канфіскавана каля 308 тысяч пачкаў цыгарэт NZ Gold і Minsk Superslims беларускай вытворчасці. Іх кошт, уключаючы падаткі, ацэньваецца ў больш чым 1 млн еўра, паведамляе літоўская мытня.

Пачата расследаванне. Кіроўцу затрымалі і пазней вызвалілі пад заклад і падпіску аб нявыездзе з адабраннем дакументаў.