У Літве прапанавалі пашырыць забарону на выезд у Беларусь для часткі грамадзян



Некаторым грамадзянам Літвы, якія працуюць з сакрэтнай інфармацыяй, могуць забараніць выяжджаць у Беларусь і Расею — адпаведны законапраект распрацоўвае Нацыянальная камісія па бяспецы, паведамляе Delfi.

Як расказаў выданню кіраўнік Цэнтру па кіраванні крызісамі Вілмантас Віткаўскас, камісія мае намер пашырыць заканадаўчы рэгламент і забараніць выезд у Беларусь і Расею ня толькі для дзяржаўных службоўцаў, супрацоўнікаў розных службаў і вайскоўцаў, у якіх ёсць права на працу з сакрэтнай інфармацыяй, але і для іншых асобаў, якія працуюць з такой інфармацыяй.

Нагадаем, што з 15 красавіка 2022 году для жыхароў Літвы дзейнічае бязвізавы рэжым пры наведванні Беларусі. З таго дня да 21 жніўня 2023 году літоўскія грамадзяне скарысталіся бязвізам 434 794 разы. Улады балтыйскай дзяржавы неаднаразова заклікалі суайчыннікаў не наведваць суседнюю краіну з меркаванняў бяспекі.

Беларускае Радыё Рацыя