У Літве і Латвіі прайшоў „Балтыйскі шлях” (абноўлена)
Каля 400 чалавек, у тым ліку, прэзідэнт Латвіі Эгілс Левітс і кандыдаты ў мэры Рыгі, сталі ў жывы ланцуг у падтрымку народа Беларусі ў Рызе, паведамляе tut.by.
***
Жыхары Літвы сталі ў жывы ланцуг ад Катэдральнага пляцу ў Вільні да пункту пропуску «Медзінінкай» на беларуска-літоўскай мяжы.
Такім чынам яны выказалі падтрымку беларускаму народу. Зарэгістравалася на ўдзел у акцыі амаль 50 тысяч чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Карына Смоткіна
***
Балтыйскі шлях у падтрымку Беларусі. Жыхары Літвы стануць у жывы ланцуг ад Катэдральнага пляцу ў Вільні да пункту пропуску «Медзінінкай» на беларуска-літоўскай мяжы. Зарэгістраваліся на ўдзел амаль 50 тысяч чалавек.
У іх ліку кіраўнік Беларускага музея ў Вільні Людвіка Кардзіс:
– Балтыйскі шлях пачынаецца а 19.00, але, калі мяне слухаюць людзі Віленскага краю, то не цягніце, едзьце раней, бо там дзве паласы ў адным кірунку, магчыма будуць коркі. Не пацверджаныя чуткі, але маецца быць у Вільні самы вялікі бел-чырвона-белы сцяг даўжынёй 250 метраў. Паглядзім, ці будзе ён. І таксама анансуецца, што пасля Балтыйскага шляху будзе канцэрт і што прыедзе Лявон Вольскі.
Да «Балтыйскага шляху» плануюць далучыцца і іншыя рэгіёны Літвы і Латвіі. Упершыню падобная акцыя адбылася 31 год таму. Тады жывы ланцуг даўжынёй каля 670 км злучыў тры сталіцы Талін, Рыгу і Вільню.
Гэтымі днямі галоўны літоўскі тэлеканал LRT, а таксама Нацыянальны музей Літвы ды Літоўская нацыянальная бібліятэка змянілі свае лагатыпы, дадаўшы бел-чырвона-белы сегмент.
Беларускае Радыё Рацыя
***
На заўтра запланаваная масавая акцыя ў падтрымку Беларусі ў Літве. Гэта “Балтыйскі шлях”. Пра гэта гутарым з Людвікай Кардзіс – кіраўніцай Беларускага музея ў Вільні.
Гэтая акцыя адбудзецца праз 31 год пасля першага падобнага шляху. Нагадаем, што тады літоўцы, латышы, эстонцы злучыліся ў жывы ланцуг даўжынёй каля 670 км. Ён злучыў Талін, Рыгу і Вільню.
РР: Па папярэдніх планах, шлях будзе ат Катэдральнага пляцу ў Вільні да мяжы з Беларуссю. Але пазней з’явіліся паведамленні, што ўжо нібыта ад самой Палангі да мяжы.
Людвікай Кардзіс: Рэгіёны далучаюцца да акцыі. У кожным літоўскім горадзе людзей заклікаюць выйсці на плошчы ў белых адзежах. Асноўная інфармацыя, што шлях будзе ад Катэдральнага сабора да Меднікаў. Але людзі будуць выходзіць і ў рэгіёнах Літвы таксама.
РР: Як у гэтым удзельнічаюць мясцовыя беларусы?
Людвікай Кардзіс: У нас з 9 жніўня кожны дзень ёсць пікеты пад амбасадай Беларусі. І гэтымі днямі мы клеім адмысловя значкі “Беларусь – Літва”. І што важна, металічныя асновы гэтых значкаў – гэта значкі, якія засталіся ад таго “Балтыйскага шляху”. Значыць, ім 30 гадоў ужо! Адзін наш бізнесовец зрабіў налепкі і мы іх наклейваем. Так што нават у гэтым ёсць пэўная сімвалічнасць і працяг таго шляху. І ёсць пакуль непацверджаная інфармацыя, што як бы маецца быць у Вільні самы вялікі бел-чырвона-белы сцяг 250 метраў. Паглядзім, ці будзе. Учора была таксама вельмі кранальная акцыя, калі адзін азербайджанец за свае сродкі пашыў 50 бел-чырвона-белых сцягоў і раздаў іх. Ён сказаў, што яго краіна таксама ў цяжкім стане, і гэта тое, што ён можа зрабіць для беларусаў. Адчуваецца салідарнасць з Беларуссю.
РР: Вядома, што Святлана Ціханоўская знаходзіцца ў Вільні. Ці кантактуе яна з мясцовымі беларусамі?
Людвікай Кардзіс: Не, наколькі я ведаю, не кантактуе. Яна мае нейкае кола людзей, але каб яна шырока пайшла да людзей, то гэтага я не чула. Таксама анансуецца, што пасля “Балтыйскага шляху” будзе канцэрт і туды прыедзе Лявон Вольскі.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Гутарыў Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя