У Літве закрылі лагер для нелегальных мігрантаў у Руднінкаі



У пятніцу, 24 верасня, закрыты намётавы лагер, які дзейнічаў на палігоне ў Руднінкаі. З яго вывезлі апошніх мігрантаў, паведамляе delfi.lt. Па словах адміністратара лагера Рэнальдаса Жэконіса, у Руднінкаі пражывалі 740 мужчын. Адсюль нелегальных мігрантаў на гэтым тыдні перавезлі ў будынак былой калоніі ў Кібартай.

Пасля ад’езду ў намётавым лагеры засталося нямала рэчаў – адзення, абутку, посуду, пасцельнай бялізны, ежы.

„Пазамінулай ноччу была здзейсненая спроба ўцёкаў з лагера – спрабавалі выкапаць тунэль, але ці то часу не хапіла, ці то ахова заўважыла. Збегчы не ўдалося”, – сказаў Жэконіс.

„Мы разумеем, што пытанне мігрантаў для ўсёй Літвы стала выклікам з лета гэтага года, але я думаю, нам удалося справіцца, мы працавалі як каманда, былі зносіны з жыхарамі лагера, сталыя зносіны, спрабавалі пачуць іх патрэбы, жаданні, праблемы”, – сказаў Жэконіс.

Ён адзначыў, што ў мігрантаў была цёплая вопратка, спальныя мяшкі і тэрмакоўдры. Жэконіс заўважыў, што не ўсе ахвотна пакідалі намётавы лагер, некаторыя хаваліся, мянялі палаткі, у якіх жылі, але потым усё ж з’ехалі ўсе. „Мы бачым, што 740 чалавек мы аператыўна за 5 дзён перавезлі”, – сказаў ён.

Фота: delfi.lt