У Лодзі ўшанавалі памяць ахвяраў Майдану і Галадамору
Некалькі дзясяткаў чалавек, сярод якіх украінцы, беларусы і палякі прыйшлі ў цэнтр Лодзі, каб ушанаваць загіблых на Майдане і ў час Галадамору.
Старшыня ўкраінскага аб’яднання ў Польшчы „Гурток” у Лодзі Багдан Білецкі зазначыў, што перамога Майдана дае надзею, што Украіна хутка будзе рухацца ў бок Еўропы, а таксама дзякуючы Майдану карэнна змяніліся польска-ўкраінскія адносіны:
– За апошні час адносіны палякаў да ўкраінцаў і да Украіны каласальна змяніліся, калі цяпер краіна становіцца на простую дарогу да Еўропы, ідзе слядамі Польшчы. Польшча з’яўляецца для Украіны такім прыкладам, палякі вельмі падтрымліваюць тое, што адбывалася на Майдане.
Арганізатарам акцыі ў Лодзі быў беларускі студэнт, актывіст Руха Салідарнасці „Разам” Францішак Цярэшка. Ён разчараваны адносінамі цяперашняй украінскай улады да беларускіх удзельнікаў Рэвалюцыі Годнасці, якім нядаўна адмовілі ў палітычным прытулку, і збіраецца напісаць петыцыю:
– Я лічу, што адносіны ўкраінскіх уладаў да Беларусі не адпавядаюць дадзенай сітуацыі. Я збіраюся напісаць петыцыю да ўладаў Украіны, якія не дапамагаюць беларусам у іхнім палітычным прытулку. Я лічу, што кожная краіна, абавязана даваць прытулак палітычным уцекачам, актывістам і людзям, якія хочуць там жыць і мець спакойнае жыццё.
Акцыя скончылася выкананнем нацыянальнага гімна Украіны і рэлігійнага гімна Беларусі „Магутны Божа”.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя