У Малешах усталёўваюць помнік на магіле св. Марыі Петручук



Грамадская ініцыятыва «Наша памяць» і Беларускае гістарычнае таварыства з сядзібай у Беластоку ўсталёўваюць помнік на магіле св. Марыі Петручук, які знаходзіцца на праваслаўных могілках у Малешах каля Бельска-Падляшскага.

Марыя Петручук стала ахвярай нападу, здзейсненага 2 лютага 1946 г. на вёску аддзелам польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса, псеўданім «Буры».

Тады Марыя супраціўлялася згвалтаванню. За гэта яна заплаціла жыццём. Адзін з нападнікаў стрэліў у яе з аўтамата. У выніку раненняў дваццацігадовая дзяўчына памерла 6 лютага 1946 г. у шпіталі ў Бельску-Падляшскім.

У 2020 годзе Святы Сабор Біскупаў Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы залічыў Марыю Петручук да ліку святых мучанікаў Холмскіх і Падляшскіх.

У 2018 годзе грамадская ініцыятыва «Наша памяць» знайшла рэшткі яе забытай і разбуранай магілы — зламаны крыж і паваленае надмагілле.

Па просьбе ініцыятывы «Наша памяць» і Беларускага гістарычнага таварыства вядомы архітэктар спраектаваў новы помнік, а яго ажыццяўленнем занялася спецыялізаваная майстэрня муляра. Ідэю і задуму праекта блаславіў праваслаўны Мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы Сава.

Дзякуючы шчодрасці ахвярадаўцаў удалося сабраць 29 000 злотых. У выніку змаглі набыць і завезці вялізную гранітную глыбу, узвесці падмурак, выразаць каменны крыж, надмагілле і элементы саркафага. Але засталося яшчэ шмат працы, і не хапае фінансавых сродкаў, каб годна завершыць справу.

Ахвяраванні на будаўніцтва помніка можна ўнесці на разліковы рахунак:

Беларускае гістарычнае таварыства,
IBAN PL 70 1240 5211 1111 0000 4930 2882,
з пазнакай «Помнік св. Марыя Петручук”.

Паводле прэс-рэлізу

Фота: БГТ