У Мастаўлянах адзначылі 181-ю гадавіну з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага



Беларуcы ўшанавалі памяць нацыянальнага героя на яго радзіме. 

У Мастаўлянах каля помніка, усталяванага ў гонар аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 года, паклалі кветкі і запалілі знічы:

– Каліноўскі – гэта нацыянальны герой і арыенцір для моладзі. Мы мусім шанаваць ягоную памяць, каб перадаць гэта іншым пакаленням. Кастусь Каліноўскі – гэта бездакорны, бяспрэчны аўтарытэт для многіх людзей. Натуральна, для беларускага цяперашняга рэжыму ён не з’яўляецца сваім, бо змагаўся за правы і за вольнасць народа.

– У нас афіцыйная ідэалогія працягвае змагацца з паўстаннем, з героямі паўстання, з тымі, хто адзначае ўгодкі – штрафуюць людзей. Але рана ці позна ўсё ж такі нашы героі зоймуць адпаведнае месца ў нацыянальным пантэоне і будуць ушаноўвацца на дзяржаўным узроўні.

Кастусь Каліноўскі нарадзіўся 2 лютага 1838 г. Чатыры гады таму на яго радзіме ў Мастаўлянах намаганнямі беларускіх дзеячаў ды гміны Гарадок быў усталяваны помнік у яго гонар.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі