У Мастаўлянах ушанавалі памяць Кастуся Каліноўскага



Беларусы, cтудэнты „каліноўцы” ды землякі ўшанавалі памяць беларускага героя Кастуся Каліноўскага на яго радзіме. У Мастаўлянах каля помніка, усталяванага ў гонар аднаго з арганізатараў паўстання 1863-1864 гадоў, паклалі кветкі і запалілі знічы. Сёлета гадавіну з дня нараджэння героя адзначыла не толькі беларуская моладзь з Беластока, але таксама жыхары Падляшша, для якіх Каліноўскі – гэта знакавая постаць рэгіёна.

Жыхар Мастаўлянаў:

– Бачым, што сюды людзі прыязджаюць. Наша вёска – гэта беларуская вёска. Гэта было супольнае змаганне.

Андрусь Цянюта:

– Мы прыехалі ўшанаваць памяць знакамітага беларускага героя Кастуся Каліноўскага. Мы вучымся па праграме, якая названая яго імем. Для мяне гэта гонар быць на месцы, дзе ён нарадзіўся.

Жыхар Мастаўлянаў:

– Інфармацыя пра Каліноўскага залежыць, дзе ў якіх крыніцах чытаеш. Але таксама і як людзі старэшыя расказваюць.

Аляксей Трубкін:

– Першы раз мы сюды прыехалі, як толькі стварылася праграма Каліноўскага і мы сабраліся ў Варшаве. І тады з’явілася такая арганізацыя – Беларуская Нацыянальная Памяць. Кіраўнік яе Анатоль Міхнавец. Ён быў адным з ініцыятараў, каб кожны год прыязджаць на месца, дзе нарадзіўся наш нацыянальны герой Кастусь Каліноўскі, каб ушаноўваць яго памяць, бо дагэтуль мала хто ведаў дзе гэтае месца знаходзіцца, як сюды даехаць, то бок арганізавана сюды ніхто не прыязджаў.

Кастусь Каліноўскі нарадзіўся 2 лютага 1838 года. Два гады таму на яго радзіме ў Мастаўлянах намаганнямі беларускіх дзеячаў ды гміны Гарадок быў усталяваны помнік у яго гонар.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі