У Мастаўлянах ушанавалі памяць паўстанцаў 1863 года
157 гадоў таму ўспыхнула паўстанне 1863-1864 гадоў. Кіраўніком рэвалюцыянераў у Беларусі стаў нараджэнец Мастаўлянаў – Вінцэнт Канстанцін Каліноўскі. Сёння, 22 студзеня, прадстаўнікі ўлады і падляшскія дзеячы ўшанавалі месцы, звязаныя з гісторыяй паўстання і яго кіраўніка.
Кажа беластоцкі грамадскі актывіст Радаслаў Пуська:
– Каб ушанаваць памяць 22 студзеня трэба быць у Мастаўлянах. Гэта вельмі-вельмі важнае месца і нашая памяць. Нам трэба памятаць нашу супольную гісторыю з літоўцамі, беларусамі, палякамі. Мастаўляны – гэта добрая вёска, каб тут быць і проста памятаць.
Таксама сёння падляшскі ваявода Багдан Пашкоўскі і бургамістр гміны Супраслі Радаслаў Дабравольскі ўсклалі кветкі пад Крыжам паўстанцаў, які знаходзіцца на тэрыторыі гміны.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя