У „меламана” з Беларусі канфіскавалі 1500 пачак цыгарэт
Кантрабанду ў 1500 пачак цыгарэт затрымалі афіцэры Падляшскай краёвай адміністрацыі казначэйства на памежным пераходзе ў Кузніцы. Тытунёвыя вырабы, прыблізны кошт якіх складае больш за 20 тысяч злотых, былі выяўлены ўнутры калонкі. Гукаўзмацняльная сістэма была ўсталявана ў багажніку аўтамабіля Chrysler 31-гадовага беларуса.
Кажа супрацоўнік Адміністрацыйна-падатковай палаты ў Беластоку Мацей Чарнецкі:
– Унутры аўтамабіля знаходзілася гукаўзмацняльная сістэма, якая, сярод іншага, складалася з вялікай калонкі ўсталяванай у багажніку машыны. Падчас агляду было выяўлена, што ўнутры знаходзіцца 1500 пачак цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі. Адкрыць калонку можна было толькі пасля адблакавання двух электразамкоў і двух электрамагнітаў.
Супраць кіроўцы пачата адміністрацыйная справа, цыгарэты і аўтамабіль з акустычнай сістэмай, адаптаванай для перавозкі кантрабанды, канфіскаваныя да рашэння суда. Беларусу пагражае вялікі штраф і страта аўтамабіля.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота podlaskie.kas.gov.pl