У Менску пачаліся перамовы па Данбасе
У Менску пачаліся перамовы Трохбаковай групы (Украіна, Расейская Федэрацыя, АБСЕ) па Данбасу. Украінскі бок вінаваціць прадстаўнікоў ДНР і ЛНР, таксама запрошаных у Менск, у спробах сарваць перамовы.
Паводле ўкраінскага боку, прадстаўнікі непрызнаных рэспублік на ўсходзе Украіны свядома адыходзяць ад прынцыпаў Менскіх пагадненняў.
“Кіраўніцтва ДНР і ЛНР у асобах Аляксандра Захарчанкі і Ігара Платніцкага, якія паставілі свае подпісы пад Менскімі дакументамі ў верасні 2014 года і лютым 2015 года і якія такім чынам узялі на сябе адказнасць за іх выкананне, у чарговы раз адмовіліся ад кансультацый з Трохбаковай кантактнай групай, чым пацвердзілі нежаданне рэалізовываць узятыя на сябе пагадненні”, – сцвярджае інфармацыйная агенцыя “Інтерфакс-Україна”. На перамовах Трохбаковай групы разглядаюцца гуманітарныя пытанні, праблемы ўцекачоў, а таксама магчымасць правядзення на тэрыторыях, падкантрольных ДНР і ЛНР выбараў у Вярхоўную Раду і ў органы мясцовага самакіравання.
Для Беларускага Радыё Рацыя – Марцін Война, Украіна.