У Міхалове адзначылі 200-годдзе з дня нараджэння патрона школы – паэта Уладзіслава Сыракомлі
Учора, 13-га кастрычніка, у Міхалове завяршыліся ўрачыстасці, прысвечаныя 200-годдзю з дня нараджэння патрона школы – паэта Уладзіслава Сыракомлі. Святкавалі разам з гасцямі з віленскай гімназіі імя У. Сыракомлі. А мерапрыемствы праходзілі на трох мовах – польскай, беларускай і літоўскай.
Для нас важна было паказаць, што постаць Сыракомлі аднолькава значная для сучасных Беларусі, Літвы і Польшчы, кажа настаўніца беларускай мовы Ганна Комінч:
-Святкаваць пачалі 29-га верасня – то бок, у дзень нараджэння Сыракомлі. У нас у школе адкрылася выстава пластычных прац нашых школьнікаў і вучняў гімназіі з Вільні. Ну, а падсумавалі мы гэтыя ўгодкі разам з літоўскімі школьнікамі, якія да нас прыехалі, размовай пра Сыракомлю і супольным чытаннем вершаў па-беларуску, – польску і -літоўску.
Віленская гімназія імя Сыракомлі бярэ пад сваё крыло перадусім тых, хто хоча вывучаць польскую культуру. Многа сярод вучняў ёсць літоўскіх палякаў ці дзяцей, якія пазней хочуць працягваць сваю адукацыю ў Польшчы. Навучанне вядзецца амаль цалкам на полькай мове. Таму дэкламаваць вершы дзецям з Вільні на польскай мове было нескладана, дзеляцца сваімі думкамі настаўніцы гімназіі Гражына Бердысютэ-Старыніна і Луцыя Міновіч:
-Выкладанне ўсіх прадметаў у нашай гімназіі вядзецца на польскай мове. Толькі ў 11-м і 12-м гімназіяльных класах уведзены прадметы па-літоўску, каб вучням было лягчэй здаваць экзамены на атэстат сталасці.
-Вучым тэрміналогію, каб вучням было лягчэй рыхтавацца да экзаменаў па біялогіі ці геаграфіі. Бо ўсе эказамены на літоўскай мове. Бо літоўская мова ў нашай школе – як нацыянальная мова. Клас дзеліцца на дзве групы для зручнасці выкладання.
Міхалоўская школа пакрысе ўжо рыхтуецца да чарговай урачыстасці. Вясной споўніцца 50 гадоў з дня, калі Уладзіслаў Сыракомля быў абраны ейным патронам.
Беларускае Радыё Рацыя