У Міхалове беларускую мову будзе вывучаць 108 вучняў



1 верасня ў Беларусі і Польшчы пачынаецца новы навучальны год. Многія вучні пачатковых школ, гімназій і сярэдніх школ на Падляшшы будуць дадаткова вывучаць беларускую мову.

Сёлета ў Міхалове беларускую мову будзе вывучаць 108 вучняў – гэта на 2 асобы больш, чым у мінулым навучальным годзе, кажа дырэктар гміннага комплекса школ Ян Лукша:

– Найважнейшае тое, што дзеці не ўхіляюцца ад вывучэння гэтай мовы. Вучні ўдзельнічаюць у розных конкурсах, пра гэта ёсць у газеце „Ніва”. Яны часта выступаюць на школьных урачыстасцях, а таксама на гмінных урачыстасцях. Я бачу, што гэтых дзяцей штораз больш з кожным навучальным годам.

У Міхалове, што на Падляшшы, дзеці вывучаюць мову з другога класа пачатковай школы да другога класа гімназіі. Беларуская мова будзе ў школьнікаў тры разы на тыдзень.

Гімназія ў Міхалове супрацоўнічае са школай у Ваўкавыску.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя