У Міхалове завершыліся „Беларускія фольк-сустрэчы”



Гэты Міжнародны фестываль галоўная беларуская імпрэза гміны Міхалова, дзе выступаюць артысты з Міхалова, суседніх гмін, Беластока, а таксама госці з Беларусі.

У час фестывалю амаль усе калектывы выходзілі на сцэну некалькі разоў, кажа бурмістр Міхалова Марэк Назарка:

– Зоркі беларускай і падляшскай сцэны выступаюць па 20-ць хвілін. Усё зроблена так, каб незалежна ад таго а каторай гадзіне хтосьці не прыедзе, была магчымасць пабачыць усе гурты. Мне вельмі важна, каб гэта свята было святам беларускай культуры, каб усе людзі пачулі, што можна да нас прыехаць і паказаць беларускую культуру на высокім узроўні. 

Сёлета з Беларусі на „Беларускія фольк-сустрэчы” прыехалі вядомыя калектывы „Багач” і „Церніца” ды легендарныя „Песняры”. Усе яны неаднойчы бралі ўдзел у розных беларускіх фестывалях на Падляшшы. Розніца ў выкананні беларускіх песень на Падляшшы і ў Беларусі ёсць, сцвярджае кіраўнік арт-гурту „Багач” Віктар Варонін:

– Тут выконваюцца першасныя версіі песняў, у Беларусі песні больш да поп-музыкі, у сучаснай апрацоўцы, а тут спяваюцца так, як спяваюцца за сталом у хаце, як спявае душа. Народ не адрозніваецца, але тут душэўней, больш па-хатняму, гэтыя сустрэчы больш па-сяброўску.

Вядоўцамі і гаспадарамі сцэны сёлетняга фестывалю былі музыкі гурту „Прымакі” з Міхалова.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя