У Музеі Сібіры ў Беластоку будзе экспазіцыя прысвечаная бежанству
Экспазіцыя ў Музеі памяці Сібіры ў Беластоку будзе сталай.
Установа, якая пачне працаваць напрыканцы 2021 года, ужо цяпер рыхтуецца да адкрыцця. Экспазіцыя прысвечаная бежанству будзе мультымедыйнай са шматлікімі архіўнымі фотаздымкамі. Супрацоўнікі музея ахвотна прымуць усё, што звязана з бежанствам.
Юстына Аўласюк з Музея памяці Сібіры заклікае дзяліцца сямейнымі гісторыямі:
– Мы хацелі б папрасіць усіх слухачоў Беларускага Радыё Рацыя, калі ў вас ёсць фатаграфіі ці дакументы, або вы хацелі б расказаць нам сваю гісторыю пра Сібір, прыходзьце да нас. Мы будзем перадаваць далей гэтую гісторыю.
Экспазіцыя Музея памяці Сібіры раскажа пра лёсы палякаў, беларусаў, украінцаў ды габрэяў, якія былі вывезеныя на ўсход. На выставе таксама будзе інфармацыя і экспанаты звязаныя з падарожнікамі і першапраходцамі Сібіры.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя