У Музеі Вольнай Беларусі адбудзецца вечар памяці Эдуарда Лобава
28 кастрычніка а 17.00 ў Музеі Вольнай Беларусі адбудзецца вечар памяці загінулага ва Украіне аднаго з лепшых сыноў Беларусі Эдуарда Лобава.
Мадэратар вечара – галоўная рэдактарка сайта «Хартыя- 97» Наталля Радзіна лічыць, што 28-га кастрычніка для вечара абрана па некалькі прычынах:
-Гэта дата напярэдадні Дзядоў – Дня памяці нашых продкаў. Па-другое, 25-га кастрычніка на тэлеканале “Белсат” выйшаў фільм пра Эдуарда Лобава. Яго зняла беларуская журналістка Вольга Воранава. І я сябрую з маці Эдуарда. Мы паразмаўлялі і вырашылі, што трэба зрабіць такую вечарыну памяці Эдуарда і іншых беларускіх добраахвотнікаў. Паказаць гэты фільм і правесці дыскусію пра беларусаў, якія сёння ваююць ва Украіне.
Паводле Наталлі Радзінай, героі, якія гінулі і гінуць за Беларусь, яны ствараюць Вольную Беларусь. А мы павінны памятаць і гаварыць пра іх.
Наталля запрашае на вечарыну ўсіх, каму дарагая памяць пра загінулых ва Украіне беларускіх ваяроў.
Беларускае Радыё Рацыя