„У нагу з часам”
Каму пажар, а каму пагрэцца. Дакладней – „нагрэць”.

Калі да вайны ва Украіне дзейнічалі ашуканскія схемы „ваша дачка патрапіла ў аварыю, патрэбныя грошы на аперацыю” і „ваш сын забіў чалавека, патрэбныя грошы, каб выратаваць яго ад турмы”, то зараз гэтыя схемы крочаць у нагу з ваенным часам. Што актуальна для шматпакутнага, змучанага баявымі дзеяннямі народа? Правільна, дапамога. І дапамога ёсць: увесь свет, за выключэннем некаторых вялікіх сяброў маленькага бункернага хлуса-псіхапата, адчувальна падтрымлівае ўкраінскі народ і яго войска.
Але на фоне ўсеагульнай дапамогі звонку лёгка надзець маску дабрачыннасці ўнутры краіны – так званая дабрачыннасць за ваш кошт. Гэта і эвакуацыйныя перавозкі з перадаплатай на карту (чыста на бензін), калі арганізатары проста знікаюць; і збор сродкаў для вайскоўцаў на аўтамабілі, амуніцыю, лячэнне; і арэнда жылля па спецыяльнай праграме для перасяленцаў, калі пацярпелыя павінны ўнесці на банкаўскую карту «валанцёраў» аплату за некалькі месяцаў, а потым атрымаць падвойнае кампенсаванне ад дзяржавы. Але ёсць асабліва агідная схема, па якой ахвярамі ашуканцаў становяцца сваякі зніклых без вестак вайскоўцаў.
У сацсетках шмат аб’яў з асабістымі дадзенымі і нумарамі тэлефонаў для сувязі, што дае магчымасць злачынцам прапанаваць дапамогу ў вызваленні нібыта з палону (сына, мужа, брата) за прыстойную суму. Натуральна, людзі ў стане роспачы гатовы плаціць любыя грошы. Па многіх эпізодах украінская паліцыя знаходзіць ашуканцаў у папраўчых калоніях. Што ж, вартыя канкурэнты для вядомай расійскай прыватнай ваеннай кампаніі.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя
