У Новым Двары мае паўстаць завод спальвання медыцынскіх адкідаў
У Новым Двары, што на Сакольшчыне, мае паўстаць завод спальвання медыцынскіх адкідаў. З аднаго боку гэта шанец для самай беднай гміны ў Сакольскім павеце. З другога, яе жыхары баяцца дрэнных наступстваў інвестыцыі такіх як смурод і вялікая колькасць грузавікоў, якія будуць вазіць медыцынскія адкіды.
29 сакавіка на пасяджэнні рады гміны Новы Двор з’явіўся таксама інвестар — Лешэк Ментэль:
— Я толькі ўношу прапановы. Гэта новая тэхналогія, якую там пакуль яшчэ не выкарыстоўваюць, ёсць пэўныя тэхналагічныя рашэнні, якія удасканальваюць утылізацыю такіх адкідаў. І вядома ачышчэнне прадуктаў гарэння, калі з коміну выходзіць паветра чысцейшае за вонкавае. Таму тут пра забруджванне навакольнага асяроддзя нават няма гаворкі.
Жыхар Новага Двара:
— Я не хачу гэтага завода, я не хачу, каб мае ўнукі і дзеці дыхалі гэтым смуродам. Чаму гэты спадара не паставіць яго ў Беластоку, паблізу сваіх дзяцей і унукаў?
— У нас вельмі бедны рэгіён. Сельская гаспадарка марная, фабрык няма. Няма месцаў працы.
— Калі гміна хоча развіцца дык мусіць шукаць інвестараў інакш менш чым праз дваццаць галоў гміна папросту знікне.
Войт Новага Двара Анджэй Гуменны лічыць, што дзякуючы заводу ў гміне зменшыцца беспрацоўе. Той меў бы паўстаць на двух гектарным участку непадалёк Новага Двара.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара