У нядзелю на рынку Касцюшкі ў Беластоку – экуменічная Куцця



На традыцыйнае дзяленне аплаткам запрашаюць прэзідэнт горада Тадэвуш Трускаляскі, праваслаўны архіепіскап Беластоцка-Гданскі Якаў, каталіцкі арцыбіскуп Эдвард Азароўскі і галоўны арганізатар Таварыства дапамогі сям’і “Дарога”.

69539_n

Для людзей бедных і адзінокіх таварыства падрыхтавала ежу на святочны стол, кажа старшыня таварыства – айцец Эдвард Кональ:

Арганізоўваем выпечку 1000 пірагоў, каля 2 тонаў бігосу, каб людзі не толькі ў гэты дзень паелі, але забралі з сабою дадому, каб на свята мець гатовыя стравы, каб разам з сям’ёй пачаставацца.

Святочную ежу на гарадскую Куццю падрыхтавалі ахвяравальнікі – беластоцкія фірмы. Экуменічная Куцця адбудзецца ў нядзелю ў 13 гадзін на рынку Касцюшкі.

 

Брацтва праваслаўнай моладзі ў Польшчы арганізуе святочны збор ежы.

Ад 19 снежня дня ў беластоцкіх крамах сеткі PSS Społem пакупнікаў чакаюць валанцёры брацтва. Сабраныя тавары трапяць у пакункі для тых сем’яў, якія патрабуюць дапамогі.

Валанцёры будуць збіраць пераважна прадукты з доўгім тэрмінам захоўвання, кажа каардынатар збору – Хрыстафор Шэрэмэта:

 – Яны будуць збіраць такія прадукты, як мука, алей, цукар, рыс, макароны, слодычы, кансервы і розныя іншыя рэчы, якія людзі кінуць ў кош, а пасля мы будзем перадаваць  людзям, якім гэта неабходна.

Брацтва арганізуе святочны збор ежы ў пяты раз. З кожным годам сем’яў, якія патрабуюць дапамогі, усё больш.

У бліжэйшую нядзелю на тэрыторыі беластоцкіх парафій арганізуецца дадатковы збор ахвяраванняў на набыццё прадуктаў харчавання.

Валанцёры брацтва праваслаўнай моладзі будуць раздаваць падрыхтаваныя пакункі некалькі дзён перад каталіцкімі Калядамі ў сваім офісе на вуліцы Святога Мікалая, 3.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя