У Орлі і Белавежы рыхтуюцца Еўрапейскія дні спадчыны
Гістарычныя рэканструкцыі бітваў, прамоцыя кніжкі пра Орлю і спектакль пра габрэяў у Белавежы. Маршалкоўская ўправа Падляшскага ваяводства запрашае на Еўрапейскія дні спадчыны. Імпрэза ладзілася 25 разоў у многіх краінах і паказвае гістарычную спадчыну еўрапейскіх рэгіёнаў, кажа дырэктар дэпартамента культуры і нацыянальнай спадчыны Маршалкоўскай управы Анатоль Вап:
— Адбудзецца прамоцыя кніжкі Міхала Сербы «Orlańskie dobra Radziwiłłów». Можна будзе паслухаць меркаванне аўтара пра гісторыю Орлі і таксама шырэй, пра гісторыю Падляшша. Потым будуць гістарычныя паказы рэканструктараў, між іншым будзе рэгімент князя Януша Радзівіла.
Еўрапейскія дні спадчыны адбудуцца ў выходныя 9-10 і 16-17 верасня. Першае інаўгурацыйнае мерапрыемства ў Орлі запланаванае на 9 верасня ў цэнтры мястэчка перад сінагогай.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя