У Орлі ўшанавалі памяць ахвяраў халакосту



У 75-ю гадавіну знішчэння арлянскіх габрэяў прайшлі памятныя мерапрыемствы. У 1942 годзе гітлераўцы ліквідавалі ў Орлі гета і вывезлі яўрэяў у Трэблінку.

У мясцовай сінагозе прэзентавалі фрагменты фільма „Зялёныя палі” (Zielone pola), з лекцыяй пра тыкоцінскіх кагаў выступіла Ева Маркоўска. Таксама быў паказаны спектакль „1942”, які прадставіў тэатральны калектыў „Корнікі”.

„Памятаць пра мінулае трэба, каб будаваць будучыню. Перад трагедыяй 1942 года Орля выглядала зусім іначай”, – кажа вядучы ды суарганізатар мерапрыемства Дарыюш Шада-Бажышкоўскі з Таварыства сяброў яўрэйскай культуры:

– Размаўлялі на розных мовах, але людзі напрацягу пяці вякоў жылі разам і будавалі сваё шчасце. Шматканфесійныя супольнасці дапамаглі адны адным. Але з’явіліся людзі, здавалася з цывілізаванай краіны, якія вырашылі, што яны лепшыя, важнейшыя, больш заслугоўваюць жыцця, а ёсць такія, якія жыцця не заслугоўваюць.

Традыцыйна падчас урачыстасцяў на яўрэйскіх могілках ускладалі камяні, чыталі псалмы ды прозвішчы былых яўрэйскіх жыхароў. Кажуць удзельнікі ўрачыстасцяў:

– Яны тут жылі раней за нас. Мы прыходзім сюды штогод і прыгадваем іх.

– Народ вельмі развіты, які думаў пра будучыню. Трагедыя, якая іх у тыя гады напаткала, гэта трагедыя нас усіх.

– Мы іх даўжнікі і памяць пра іх не можа знікнуць.

Арганізатарамі памятнага мерапрыемства былі: Таварыства сяброў яўрэйскай культуры, Гмінны цэнтр культуры ў Орлі ды Пачатковая школа ў Орлі.

[Not a valid template]

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя