У Орлі застанецца вуліца Чырвонай Арміі?
З 2-га верасня мясцовыя ўлады Польшчы маюць роўна год на змену застаўшыхся камуністычных назваў вуліц і плошчаў.
Такім чынам назвы вуліц: Берлінга, Жымоўскага, Гарбатава, Ленскага ў Беластоку, а таксама Чырвонай Арміі ў Орлі, што на Падляшшы, неўзабаве знікнуць.
Паводле словаў войта гміны Орля Пятра Сельвесюка, раней ужо былі спробы перайменаваць вуліцу Чырвонай Арміі:
– Была дыскусія ў Орлі, збіраліся подпісы за тое павінна застацца вуліца Чырвонай Арміі ці не. Яе жыхары вырашылі, што павінна застацца. Тут іншага выйсця няма, мы павінны зрабіць усё паводле закону.
Пры гэтым большасць жыхароў Орлі не пагаджаецца на змену назвы:
– Я лічу, што гэта дурнота. Гэта павінны вырашаць жыхары.
– Калісьці яе павінны былі змяніць, але не атрымалася. Цяпер калі ўрад хоча, то зробяць.
– Арміі Краёвай, Чырвонай Арміі ці яшчэ нейкай арміі, якія гэта кошты будуць?
– Для мяне гэта вялікія кошты, бо ўсё трэба будзе мяняць.
– Я жыву ў Орлі пяць гадоў, мне вельмі падабаецца і абсалютна нічога не хачу мяняць.
У многіх мясцовасцях, сярод якіх і Орля, восенню пройдуць кансультацыі адносна таго, якія камуністычныя назвы трэба змяніць. Назвы павінны быць зменены да 1 верасня 2017 года.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя