У памежнай Кузніцы ўшанавалі памяць Язэпа Варонкі



Беласточчына працягнула святкаванне Дня Волі ў Кузніцы, на самай польска-беларускай мяжы. 28 сакавіка тут прайшло мерапрыемства, прысвечанае першаму прэм’еру БНР Язэпу Варонку, які паходзіць акурат з Кузніцы.

Язэпа Варонку прыгадваюць у Кузніцы ўжо другі год запар. Праграма крыху мадэрнізавалася: яшчэ да афіцыйнага распачацця ў мясцовым комплексе школ адбыўся футбольны турнір на Кубак Язэпа Варонкі. Яго ўдзельнікі – маладыя людзі і студэнты з Падляшша, Беларусі, Украіны, частка з іх навучаецца ў Белай Падляшскай на напрамку фізічнай культуры. І хоць перамагла каманда, якая грала за Беласток, то Кубак вырашылі сімвалічна перадаць у Белую Падляшскую. Сам Кубак таксама адметны, паколькі яго вырабіў вядомы на Падляшшы майстар-разбяр Уладзімір Наўмюк з вёскі Канюкі.

default3

default4

Удзел у самым мерапрыемстве прыняло шмат маладых людзей, у тым ліку сябры Беларускага Аб’яднання Студэнтаў і навучэнцы беларускага ліцэя ў Бельску Падляшскім, якія прыехалі разам са сваімі настаўніцамі і дырэктарам ліцэя Андрэем Сцепанюком:

Мы невялікай групай, але маладых людзей не трэба было ні да чаго прымушаць, гэта ліцэісты, якія задзейнічаныя ў працы Клуба польска-беларускіх спраў. І вырашылі, што несумненна трэба паехаць, надалей святкаваць Дзень Волі.

Навучэнка ліцэя Аляксандра Варшыцкая:

Гэта вельмі важна, каб працягваць традыцыю святкавання Дня Волі. Гэта важны дзень, і шмат маладых людзей павінны яго святкаваць, гэта падстава свабоднай Беларусі.

У час імпрэзы адбыўся прагляд дакументальнага фільма “Дзень Волі” Уладзіміра Арлова і Юрыя Хашчавацкага. Прысутных прывітала прадстаўніца арганізатараў – Таварыства “Гай” – Іоланта Мордань:

Важна ўдзельнічаць у гэтым спатканні, прысвечаным Язэпу Варонку, выдатнаму чалавеку ў гісторыі нашай зямлі, які нарадзіўся тут, на Сакольшчыне. Кузніца – гэта месца, якое ўвогуле спалучае людзей з абодвух бакоў мяжы, таксама спалучае цяперашні час і слаўнае мінулае нашай зямлі.

Аздобіў сустрэчу ў Кузніцы выступ гарадзенскага гурта “Дзецюкі”. Кажа музыка Алесь Дзянісаў:

У Гародні Кузніца асацыюецца з памежным бізнесам, і таму вельмі добра, калі тут адбываюцца такія культурніцкія з’явы. І такія канцэрты паказваюць, што не толькі такія беларусы існуюць, і далёка не лепшыя прадстаўнікі прыязджаюць і займаюцца кантрабандай. Кожная культурніцкая імпрэза дае магчымасць сказаць, што Беларусь – яна розная.

 Старшыня ініцыятывы Беларуская Нацыянальная Памяць Анатоль Міхнавец:

 – Імпрэза прысвечана народнаму камісару Рады БНР Язэпу Варонку, які нарадзіўся ў Кузніцы. Ёсць цяпер так, што мы кажам пра нейкія сімвалы, БНР і гэтык далей, але нічога пра іх не ведаем. Мы ведаем, як сённяшняя ўлада ставіцца да незалежніцкіх структураў, якія паўставалі ў ХХ стагоддзі, а тут могуць быць жывыя сведкі. Вельмі важна, што беларусы Падляшша гэта арганізавалі. Мы ўзгадваем, як паўставала БНР. Але нам не хапае “блізкай гісторыі”, якой трэба толькі крыху пацікавіцца.

 Арганізатарамі мерапрыемства “Язэп Варонка – пазнаёмцеся” ў Кузніцы выступіла Таварыства “Гай”. Фінансавыя сродкі атрыманыя, дзякуючы Маршалкоўскай управе Падляшскага ваяводства.

[Not a valid template]

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Аляксея Трубкіна