У памежнай тэрыторыі дзейнічалі злачынныя групоўкі, спрыяўшыя нелегальнай міграцыі
Польскія памежнікі ў нядзелю спынілі больш за 150 спроб нелегальнага перасячэння мяжы, паведаміў падчас сённяшняй прэс-канферэнцыі міністар унутранных справаў і адміністрацыі Мар’юш Камінскі. Паводле міністра увядзенне надзвычайнага становішча ў мясцовасцях каля беларускай мяжы спрыяе спыненню дзейнасці злачынных груповак, якія займаюцца нелегальным перасоўваннем людзей праз мяжу.
– Сітуацыя ўскладнялася тым, што існуюць асобы, звязаныя з злачыннымі групамі, якія трапляюць на прымежную тэрыторыю, дзе чакаюць з транспартам на нелегальных мігрантаў, каб перавезці ў глыбіню Польшчы, у кірунку краінаў Еўразвяза. За некалькі тыдняў затрымана 66 такіх асобаў. У апошнія дні 8 асобаў – украінцы, грузіны, таджыкі, туркмены, чачэнцы. Яны ўночы пад’язджаюць да прымежнай тэрыторыі, чакаюць ва ўмоўленых месцах тых, хто павінен перайсці праз мяжу.
Латвія, Літва і Польшча з-за ўзрослай плыні мігрантаў, якія ідуць з тэрыторыі Беларусі, вымушаныя былі ўвесці на мяжы надзвычайнае становішча. У гэтых краінах мяркуюць, што міграцыйны крызіс мае рукатворны характар і да яго стварэння датычныя беларускія ўлады. У ЕЗ гатовыя абмяркоўваць пяты пакет санкцый супраць Менска ў адказ на міграцыйны крызіс.
Беларускае Радыё Рацыя