У Патоцы ўшануюць памяць бязвінна загінулых ад рук жаўнераў “Лупашкі”
Паніхіда па бязвінна загінулых ахвярах 5 Віленскай брыгады АК пад камандаваннем маёра Зыгмунта Шэндзеляжа, мянушка “Лупашка”, пройдзе ў вёсцы Патока 22 траўня ў 17 гадзінаў.
Сёлета адзначаем 75 гадавіну гэтых трагічных падзеяў, – гаворыць айцец Аляксандр Алексеюк, які ўжо некалькі гадоў запар разам з вернікамі якраз 22 траўня малітоўна ўзгадвае загінулых:
– 22 траўня 1945 года аддзел збройнага польскага падполля, якім кіраваў Зыгмунт Блажэевіч, псеўданім “Зыгмунт”, спаліў вёску Патока. У пажары загінулі чатыры асобы, у тым ліку – трое дзяцей. Сёлета спаўняецца 75 гадоў з часу тых трагічных падзеяў. І таму 22 траўня ў новапабудаванай каплічцы ў Патоцы ў 17 гадзін будзем служыць паніхіду за тых, хто тады загінуў. Хто мае такую магчымасць, шчыра запрашаем прыняць удзел у гэтых урачыстасцях.
У траўні 1945 года ў Патоцы з рук жаўнераў “Лупашкі” загінула 8 чалавек. 16 траўня былі расстраляныя браты Ян і Уладзімір Малашэўскія, ды Ян і Уладзімір Бэкішы (бацька і сын). 22 траўня, калі салдаты палілі вёску, згарэла трое дзяцей Герасімчукаў – Мікалай – 10 гадоў, Ніна – 8 гадоў, Яўгенія – 6 гадоў, а таксама абгарэў і памёр праз два дні Міхал Герасімчук (39 гадоў).
Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя