У Патоцы з’явіцца капліца ў памяць трагедыі траўня 1945



У вёсцы Патока на Падляшшы пабудуюць капліцу ў памяць падзей траўня 1945 года. Як паведаміў настаяцель парафіі ў Тапалянах айцец Аляксандр Алексеюк, усе фармальныя справы, якія датычаць праектаў і дазволаў, ужо завершаны. Яшчэ ў гэтым годзе плануюць падрыхтаваць тэрыторыю, а з вясны пачаць пабудову:

– На гэтым месцы калісьці стаяла царква. Цяпер тут крыж, які паставілі жыхары вёскі ў 2013 годзе. Гэта капліца паўстане ў памяць пра тых людзей, якія трагічна загінулі ў 1945 годзе, калі вёску спалілі жаўнеры пад кіраўніцтвам Зыгмунта Лупашкі.

Капліца будзе пабудаваная ў месцы былой царквы, разбуранай ў ваенны час.  Ініцыятары пабудовы капліцы ў Патоцы хочуць ушанаваць памяць аб бязвінна загінулых жыхарах вёскі ў траўні 1945 года ад рук польскага ўзброенага падполля. 16 і 22 траўня у Патоцы загінула 8 чалавек, у тым ліку трое дзяцей, а вёска была спаленая.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя