У Польшчы абмеркавалі сітуацыю на мяжы з Беларуссю



У Польшчы заявілі пра тое, што сілавікі ў Беларусі давалі мігрантам наркотыкі пад выглядам лекаў. Гэтую інфармацыю на сённяшняй прэс-канферэнцыі агучыў прэс-сакратар міністра-каардынатара спецыяльных службаў Станіслаў Жарын. Паводле яго, польскія ўлады атрымалі такія звесткі ад калегаў з Літвы. Літоўцы сцвярджалі, што адной з групаў, якія спрабавалі нелегальна перайсці мяжу, сілавікі ў Беларусі далі метадон. Калі мігрантам давалі невядомыя рэчывы, ім тлумачылі, што гэта «дапаможа вытрымаць пераход мяжы».

У Польшчы адбылося паседжанне міжведамаснай камісіі, прысвечанае праблемам мяжы з Беларуссю. Міністр унутранных справаў і адміністрацыі Марыюш Каміньскі паведаміў, што будзе падаваць заяву на падаўжэнне яшчэ на месяц надзвычайнага становішча ў прыгранічнай паласе. Заўтра справай зоймецца Рада міністраў.

У сваю чаргу падчас сённяшняй прэс-канферэнцыі міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак паведаміў, што некаторыя мігранты, якія спрабуюць перасекчы беларуска-польскую мяжу, могуць прадстаўляць пагрозу для грамадзян Польшчы і ЕЗ:

– Мы прадстаўляем матэрыялы, якія паказваюць, што тыя, хто штурмуе польскую граніцу, маюць ці мелі кантакты з тэрарыстычнымі арганізацыямі. Сярод гэтай групы ёсць злачынцы, якія ўяўляюць небяспеку для Польшчы. Яны ўяўляюць пагрозу для палякаў і пагрозу для Еўрапейскага Звяза.

Памежная служба Польшчы ў „Твітэры” паведаміла, што 25 і 26 верасня было зроблена адпаведна 259 і 218 спробаў незаконнага перасячэння мяжы з боку Беларусі. Пры гэтым у суботу затрымалі 18 нелегалаў (17 іракцаў і кангалезца), астатніх не ўпусцілі, а ў нядзелю развярнулі ўсіх.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: скрыншот з відэа