У Польшчы абмяжоўваюць гандль у нядзелю



1 сакавіка ў Польшчы ўваходзіць у сілу закон пра абмежаванне гандлю ў нядзелю. Гэта азначае, што цягам гэтага году гандлёвыя сеткі, крамы будуць працаваць толькі дзве нядзелі ў месяц: у першую і апошнюю нядзелю. Так, у сакавіку крамы будуць працаваць 4-га і 25 чысла.

З наступнага году будзе працоўнай толькі адна нядзеля цягам месяца, а з 2020 году гандаль будзе забаронены ва ўсе нядзелі цягам году, акрамя вызначаных 7 нядзель: гэта дзве нядзелі перад Калядамі, адна нядзеля перад Вялікаднем ды апошнія нядзелі студзеня, красавіка, чэрвеня і жніўня.

Закон прадугледжвае выключэнні. І так, у нядзелю можа працаваць крама, дзе за прылаўкам будзе стаяць уладальнік гандлёвай кропкі. Таксама дазваляецца праца ў пякарнях, кандытарскіх, на аўтазаправачных станцыях, у кветкавых крамах, у паштовых аддзяленьнях, на вакзалах і ў аэрапортах.