У Польшчы абвясцілі збор сродкаў на аднаўленне будслаўскага касцёла
Беларуская супольнасць у Польшчы запусціла на інтэрнэт-платформе zrzutka.pl збор сродкаў на аднаўленне пацярпелага ад пажару Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай (касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе Мядзельскага раёна Менскай вобласці).
Ініцыятары кампаніі разлічваюць сабраць за 10 дзён 30 тыс. злотых (прыблізна 8 тыс. долараў). На 12.00 14 мая праект патрымалі дзевяць чалавек, якія ахвяравалі 455 злотых (прыкладна 120 долараў).
„11 мая ў санктуарыі ў Будславе (Беларусь) здарыўся пажар, — гаворыцца ў апісанні праекта. — На працягу сямі гадзін пажарная каманда змагалася за лёс базілікі. Дах над нефам храма быў цалкам разбураны і абваліўся, абвалілася цэнтральная свяцільня. Святыя Дары і цудатворны абраз Маці Божай Будслаўскай перамясцілі ў бяспечнае месца. Будынак мае патрэбу ў тэрміновым рамонце, патрэбна шмат працы на вышыні. Мы спяшаемся [са зборам сродкаў], таму што калі пойдзе дождж, шкода вырасце”.
„Мы звяртаемся да каталікоў усяго свету, таму што будынак базілікі вельмі важны для каталіцкай абшчыны. <…> Кожны ліпень вернікі з усёй Беларусі і блізкага замежжа здзяйсняюць паломніцтва ў Будслаў, каб пакланіцца абразу Маці Божай Будслаўскай. Мы хочам, каб і сёлета было гэтак жа”, — падкрэслілі аўтары кампаніі.
Яны адзначылі, што частка сродкаў на аднаўленне санктуарыя ўжо сабраная, але „іх недастаткова”. „У Беларусі каталікі з’яўляюцца рэлігійным меншасцю (прыблізна 15%). А беларускі ўрад цяпер заняты выратаваннем уласнай улады пасля фальсіфікацыі выбараў, таму мы павінны разбірацца з усім самі. Вось чаму мы так просім вашай падтрымкі. Кожная малітва, распаўсюджванне інфармацыі і кожны злоты важныя”, — гаворыцца ў апісанні праекта.
Як паведамлялася, 11 мая ў будслаўскім касцёле здарыўся пажар, з-за якога абрынуўся дах. Абраз Маці Божай Будслаўскай, Святыя Дары і іншую маёмасць паспелі вынесці. Паведамленне аб пажары паступіла ў МНС у 7.47. У 11.24 пажар быў лакалізаваны, у 15.21 — ліквідаваны. Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі папрасіла вернікаў дапамагчы ў аднаўленні касцёла.
Мядзельскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў справу паводле ч. 2 арт. 304 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правілаў пажарнай бяспекі асобай, адказнай за іх выкананне, што пацягнула па неасцярожнасці ўзнікненне пажару, які прычыніў шкоду ў буйным памеры). Для высвятлення прычыны ўзгарання прызначаная комплексная пажарна-тэхнічная экспертыза.
12 мая паводле вынікаў экстраннай нарады пры курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі была створаная спецыяльная камісія па ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі і аднаўленні будслаўскага касцёла. Камісію ў складзе васьмі асоб узначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі.
У той жа дзень касцёл наведаў апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Прадстаўнік папы Францішка паабяцаў „сваю дапамогу і падтрымку ў справе аднаўлення пашкоджанай пажарам базілікі і адраджэння духоўнага жыцця ў беларускім нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай”.
Каля поўдня 12 мая тэлеграм-канал „Адновім Будслаў разам!”, створаны для каардынацыі валанцёраў, якія жадаюць дапамагчы ў ліквідацыі наступстваў пажару, паведаміў, што за двое сутак сабрана прыблізна 170 тыс. рублёў.
Рэквізіты для пералічэння ахвяраванняў на аднаўленне і рэстаўрацыю санктуарыя апублікаваныя на партале Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі (catholic.by) і на старонцы ў Instagram дабрачыннага таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Фота: Аляксандр Бурдзялёў