У Польшчы прайшлі выбары ў органы мясцовага самакіравання (абноўлена)



21 кастрычніка а 21.00 па польскім часе ў Польшчы закончыліся муніцыпальныя выбары. Грамадзяне краіны выбіралі дэпутатаў мясцовых радаў, войтаў, бургамістраў і прэзідэнтаў гарадоў.

Выбарчая яўка склала рэкордна высокі адсотак – 51,3%. Паводле першых вынікаў, атрыманых на падставе экзіт-полаў, на выбарах перамагла партыя “Права і справядлівасць” з вынікам 32,3%, на другім месцы Грамадзянская кааліцыя (з партыяй “Грамадзянская платформа”) – 24,7%, трэцяе месца заняла Польская сялянская партыя (16,6%), Кукіз’15 атрымаў 6,3%, Беспартыйныя супрацоўнікі муніцыпалітэтаў (Bezpartyjni Samorządowcy) – 6,3%, Саюз левых дэмакратычных сілаў – Левыя разам – 5,7%, паведамляе radyjo.net.

У Беластоку, паводле папярэдніх дадзеных, у змаганні за пасаду прэзідэнта горада перамог у першым туры ранейшы прэзідэнт – Тадэвуш Трускаляскі. Другім пасля яго ідзе Яцэк Жалек, якога падтрымлівае партыя “Права і Справядлівасць”.

 

Пакуль неафіцыйна: у Радзе Беластоку 16 мандатаў здабывае Грамадзянская кааліцыя, 12 – партыя “Права і Справядлівасць”.

***

Не будзе другога тура выбараў на бургамістра Міхалова. Марэк Назарко з камітэта выбаршчыкаў «Жыхар найважнейшы» апярэдзіў сваіх канкурэнтаў і набраў за 50 адсоткаў галасоў. За Назарку аддалі голас 1909 выбаршчыкаў. Другое месца заняў Лех Баршчэўскі з камітэту «Абяднаная гміна Міхалова», за яго прагаласавалі 769 галасоў. Трэцяе месца  і 325 галасоў атрымаў Рафал Грэсь «Добрая будучыня гміны Міхалова». Лешэк Грыц на чацвёртым месцы (224 галасы), і на пятым месцы Марыюш Велічко, за якога аддалі галасы 35 выбаршчыкаў.

— Мы хіба за Назарко будзем галасаваць.

— Заўсёды найлепш сваёй веры.

— Назарко столькі зрабіў для Міхалова. Ніхто столькі не зрабіў і не зробіць.

Марэк Назарко быў ужо бургамістрам Міхалова цягам трох тэрмінаў, у гэтым часе Міхалова ператварылася ў горад, стала таксама першай гмінай ў Польшчы без падаткаў. У 2014 годзе прайграў выбары на пост бургамістра Міхалова з Уладзімірам Кананьчуком..

***

Ужо пяты раз войт Веслав Кулеша выйграў выбары на войта гміны Гарадок. Як паведаміла старшыня выбарчай камісіі ў Гарадку Эдыта Марцінчык за Веслава Кулешу прагаласавалі 1452 асобы за Уладзіслава Праховіча 1026.

Контркандыдат Веслава Кулешы — журналіст Уладзіславаў Праховіч, які раней быў кіраўніком Польскага Радыё Беласток. Выбарчая яўка ў Гарадоцкай гміне перавысіла 50 адсоткаў.

***

Паводле пакуль неафіцыйных дадзеных, гміна Орля на Бельшчыне мае новага войта. Ім 48-мі гадовы Лявон Павлючук. Паводле дадзеных Дзяржаўнай Выбарчай Камісіі з 17-й гадзіны вечара, выбарчая яўка ў гміне склала амаль 63 %. Выбары выклікалі шмат эмоцый. Большасць апытаных намі на выбарчых участках жыхароў гміны адмаўляліся рассакрэціць за каго галасавалі.

— Гэта доры войт, але ён за вятракі.

— Я не буду выказвацца на гэту тэму.

— Мы галасавалі за таго, хто добра намі пакіруе, нашай гмінай.

— Я пакіну гэта пры сабе.

За пасаду войта гміны Орля змагаліся тры кандыдаты. Шматгадовы войт гміны Орля, Пётр Сэльвэсюк, шматгадовы супрацоўнік гміннай установы – Лявон Павлючук і кандыдатка ад партыі Права і Справядлівасць Кацярына Юзьвюк.

* * * 

Закончыліся выбары ў мясцовае самакіраване ў Польшчы. Выбарчая яўка па ўсёй краіне перавысіла 50 адсоткаў. У Міхалове на Падляшшы за пасаду бургамістра змагаліся 5 кандыдатаў. Тут не выключаюць другога тура, як гаворыць старшыня акруговай выбарчай камісіі ў Міхалове Андрэй Каспяровіч.

– Досыць высокая яўка для выбараў у мясцовае самакіраване. Добрае надвор’е, людзі прыходзяць і галасуюць. Напэўна будзе другі тур: маем 5 кандыдатаў і праз 2 тыдні, напэўна, будзем зноў выбіраць бургамістра Міхалова.

– Для мяне не быў цяжкім выбар, бо я ведала, за каго буду галасаваць. Адна рэч – гэта сказаць, што нешта зробіцца, а іншая – ведаць, што гэты чалавек тое зробіць. І ёсць такі кандыдат.

– Мы кіраваліся тым, што ведаем асобу, ведаем, кім ёсць гэты чалавек.

– Пры такой колькасці кандыдатаў, думаю, будзе другі тур.

За пасаду бургамістра Міхалова змагаліся Лех Башчэўскі, Рафал Грэсь, Лешэк Грыц, Марэк Назарко і Марыюш Вялічка. Другі тур выбараў пройдзе 4 лістапада.

* * * 

“Яшчэ да поўдня шмат жыхароў прыйшло аддаць свой голас”, – кажа старшыня камісіі выбарчага ўчастка № 1 у Чыжах Сандра Шэшко:

– Мне здаецца, што сёлета было досыць шмат людзей. Усе адбываецца без праблем. Пытанняў асабліва няма, бо ўсе ведаюць, як адбываюцца выбары.

У Чыжаўскай гміне, адной з найбольш беларускіх гмінаў Падляшша, ёсць толькі адзін кандыдат на пасаду войта. Гмінную раду складае 15 райцаў. У гміне, дзе жыве  2 071 жыхар, права на галасаванне мае 1809.

***

Прэзідэнта, Раду горада і радных ваяводскага сойміка выбіраюць сёння беластачане. Грамадзяне для галасавання атрымліваюць ажно тры бюлетэні:

– Адзін голас – заўсёды чагосьці варты. Выбіраем людзей, якія нас рэпрэзентуюць. Колькі ёсць жыхароў – усе павінна прагасаваць. Лічу, што гэта пытанне выхавання, моладзь часам лёгкаважная, а мы людзі старэйшыя дысцыплінаваныя.

У Беластоку сёння выбяруць 28 чальцоў гарадской Рады. У сваю чаргу калі ніводзін з пяці кандыдатаў на пасаду прэзідэнта не набярэ ў сённяшнім галасаванні больш за 50 працэнтаў галасоў, то пройдзе другі тур галасавання, прызначаны на 4-га лістапада.

***

Парушэнні Выбарчага кодэксу на Падляшшы. Зафіксаваны 21 інцыдэнт – паведаміў прэс-сакратар падляшскай паліцыі Томаш Крупа. Паводле яго, гаворка ідзе пераважна пра знішчэнне і зрыванне выбарчых плакатаў. Таксама адзін выпадак тычыўся размяшчэння інфармацыі пра кандыдата ў сацыяльных сетках, і адзін тычыўся распаўсюджу выбарчых улётак. Парушэнні зафіксавалі ў Беластоку, Ломжы, Бельску Падляшскім і Гайнаўцы.

***

Па стане на 12 гадзін у Беластоку прагаласавалі 16,25 працэнтаў выбаршчыкаў, у Падляшскім ваяводстве – 18,43 працэнты. Пра гэта паведамілі прадстаўнікі Дзяржаўнай выбарчай камісіі падчас прэсавай канферэнцыі. Адзначана і мясцовасць, дзе яўка выбаршчыкаў за гэты час была найбольшай:

– Калі казаць пра месца, дзе найбольш прынялі ўдзел у галасаванні, то гэта гміна Новы Двор у Сакольскім павеце – 34,52%.

Агулам з пачатку галасавання на выбарчых участках у розных рэгіёнах Польшчы зафіксавалі 416 розных інцыдэнтаў звязаных з парушэннем Выбарчага кодэксу. Трое чалавек – затрыманыя, між іншым, за вынас і знішчэнне бюлетэняў, непрыстойнае захаванне на выбарчым участку і знішчэнне выбарчых плакатаў. Але, паведамілі ў камісіі, гэтыя інцыдэнты не ўплывалі на хаду галасавання.

***

“Гэта наш грамадзянскі абавязак” – так сцвярджае большасць з тых жыхароў Бельска Падляшскага, якія ўжо прынялі ўдзел у выбарах у органы мясцовага самакіравання.

– Гэта наш абавязак, і трэба выбраць для нашага горада такога чалавека, каб добра працаваў.

– Мы жыхары гэтага горада і мусім галасаваць. Гэта наш грамадзянскі абавязак. Трэба гасаваць, каб потым не наракаць, што мы не выказалі сваё меркаванне.

– Гэта абавязак грамадзянскі, бо потым выбяруць кагосьці, хто нам будзе не падабацца, і будзем мець прэтэнзіі. Трэба, каб усе галасавалі, і том пабачым вынікі.  

За пасаду бурмістра Бельска Падляшскага змагаецца пяць кандыдатаў. Жыхары выбяраюць таксама гарадскіх, павятовых і ваяводскіх радных. У горадзе – 14 выбарчых участкаў.  

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя    

***

У Польшчы праходзяць выбары ў мясцовае самакіраванне.  Выбарчыя ўчасткі можна наведаць ужо з 7-ай гадзіны раніцы. У гміне Орля, войта, радных гміны, павету і ваяводскага сойміку выбіраюць амаль дзве з паловай тысячы выбаршчыкаў. Наш карэспандэнт наведаў адзін з пяці выбарчых вучасткаў у гміне Орля.

– Гэта наш абавязак грамадзянскі і патрыятычны. Я думаю, што кожныя выбары важныя, бо маюць глыбокі сэнс, маюць пэўнае заданне.

– Пра сваю будчыню думаем, як інакш. Каб лепей было. Зараз някепска, але хочам каб было лепей.

– Трэба ўдзельнічаць у выбарах, бо доўг гэта наш такі.

За пасаду войта гміны Орля змагаюцца тры кандыдаты. Жыхары выбіраюць таксама пятнаццаць радных гміны. Выбарчыя ўчасткі будуць працаваць да 21-ай гадзіны.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

***

У Польшчы працягваецца галасаванне на выбарах ў органы мясцовага самакіравання. Амаль 27 тысяч выбарчых участкаў адкрыліся ў 7 гадзін раніцы і будуць працаваць да 21 гадзіны, а ў выбарах змогуць прыняць удзел больш за 30 мільёнаў палякаў, якія маюць права голасу.

Падчас першага тура выбараў палякі выбіраюць 47 тысяч дэпутатаў мясцовага ўзроўню і 2,5 тысячы прэзідэнтаў гарадоў, бургамістраў і войтаў. Другі тур мясцовых выбараў адбудзецца 4 лістапада. Падчас іх будуць выбіраць прэзідэнтаў гарадоў, бургамістраў і войтаў у тых населеных пунктах, дзе пераможца не вызначаны ў першым туры.

Пасля закрыцця выбарчых участкаў вядучыя польскія інфармацыйныя тэлеканалы абнародуюць экзіт-полы па папярэдніх выніках мясцовых выбараў.

***

У Польшчы ў 7 гадзін адкрыліся ўчасткі па выбарах у органы мясцовага самакіравання. Галасаванне будзе доўжыцца да 21-й гадзіны.

У гэты перыяд дзейнічае выбарчая цішыня, то бок забарона на агітацыю. Яна пачалася апоўначы і будзе працягвацца да заканчэння галасавання. Нацыянальная выбарчая камісія нагадвае, што агітацыя, гэта заахвочванне выбаршчыкаў галасаваць за канкрэтныя асобы і палітычныя арганізацыі.

Другі тур муніцыпальных выбараў у Польшчы адбудзецца 4 лістапада.На цяперашніх мясцовых выбарах жыхарам Польшчы трэба выбраць каля 47 тысяч дэпутатаў сельскіх, гарадскіх і ваяводскіх саветаў, а таксама 1547 войтаў, 823 бургамістры і 107 мэраў. Правам аддаць свой голас валодаюць больш за 30 мільёнаў палякаў. 

Афіцыйных вынікаў трэба будзе пачакаць некалькі дзён. Сёння запланавана чатыры прэс-канферэнцыі. Першая з іх адбудзецца ў 10 гадзін. Затым на працягу дня польскі выбарчы камітэт двойчы дасць інфармацыю аб наведвальнасці: у 13:30, па стане на 12 гадзін, а ў 18: 30, па стане на 17-ю гадзіну. Чарговая прэс-канферэнцыя адбудзецца ўжо пасля завяршэння галасавання, у 21: 30. Тады паведамяць інфармацыю пра закрыццё выбарчых участкаў і магчымых інцыдэнтах.

Выбары ў органы мясцовага самакіравання ўпершыню праводзяцца па новым заканадаўстве. Унесеныя ў студзені папраўкі, у прыватнасці, увялі норму аб тым, што адзін чалавек не можа займаць пасаду войта, бургамістра або мэра больш за два тэрміны запар. Аднак перыяд іх працы быў падоўжаны з чатырох да пяці гадоў. Акрамя гэтага значныя новаўвядзенні закранулі працу Дзяржаўнай выбарчай камісіі. Былі ўведзеныя два віды рэгіянальных выбаркамаў: адзін з іх арганізуе выбары, а другі займаецца падлікам галасоў. Сярод тэхнічных новаўвядзенняў – празрыстыя скрыні для галасавання і аднастаронкавыя бюлетэні. На мінулых выбарах бюлетэні былі зробленыя ў выглядзе кніжкі, з-за чаго многія выбаршчыкі заблыталіся і паставілі лішнія галачкі, што зрабіла іх голас несапраўдным.

У Беластоку пяць выбарчых акругаў. На мясцовыя выбарах у сеймік ваяводства трэба абраць 30 дэпутатаў з 328 кандыдатаў. На пасаду прэзідэнта Беластока прэтэндуе пяць, у Ломжы сем і у Сувалках пяць кандыдатаў.

Беларускае Радыё Рацыя