У Польшчы адзначаецца Дзень сцяга
2-га траўня ў Польшчы адзначаецца Дзень сцяга, у які па ўсёй краіне ладзяцца патрыятычныя мерапрыемствы.
У Беластоку адбылося ўрачыстае ўзняццё польскага нацыянальнага бела-чырвонага сцяга. Пасля афіцыйнай часткі прысутныя маглі атрымаць бела-чырвоныя сцяжкі.
Гісторыя гэтых колераў сягае часоў Грунвальдскай бітвы, але афіцыйна прызнаныя яны былі толькі ў 1792 годзе, кажа гісторык Марэк Кетліньскі:
– Тады ўпершыню афіцыйна гэтыя колеры былі прызнаныя польскімі і пачалі ўжывацца ў войску ды ўстановах. Бела-чырвоныя сцягі выкарыстоўваліся ў войску Яна Дамброўскага, а таксама падчас паўстанняў 1831 і 1863 гг.
У гэты ж дзень адзначаецца Дзень Палоніі і палякаў, якія жывуць за мяжой. Дзень дзяржаўнага сцяга адзначаецца з 2004 года.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя