У Польшчы адзначаецца тэндэнцыя росту колькасці заражэнняў



Міністэрства аховы здароўя Польшчы паведаміла ў аўторак, 7 верасня, што за апошнія суткі ў Польшчы было выяўлена 406 новых выпадкаў заражэння каронавірусам, ад гэтай хваробы памерла 13 пацыентаў.

Намеснік міністра аховы здароўя Вальдэмар Краска, каментуючы гэтыя звесткі, адзначыў, што тэндэнцыя росту колькасці заражэнняў у Польшчы ўзмацнілася:

– Гэта на 42% больш, чым на мінулым тыдні, то бок, гэтая тэндэнцыя ўжо ўзмацнілася. Таксама, на жаль, расце колькасць людзей, якія маюць патрэбу ў шпіталізацыі. Сёння шпіталізаваныя 579 пацыентаў. Гэта на 41 больш, чым днём раней. Таму мы павінны быць вельмі асцярожнымі і выконваць правіла – «дэзінфекцыя, маска, дыстанцыя», але таксама, думаю, тыя, хто яшчэ сумняецца – павінен зрабіць прышчэпку.

Дагэтуль у Польшчы зроблена 36 мільёнаў 452 тысячы прышчэпак супраць каронаівруса. Цалкам прышчэплена 18 мільёнаў 900 тысяч чалавек. Нагадаем, насельніцтва Польшчы складае 38 млн чалавек.

polskieradio.pl