У Польшчы адзначаюць 39-ю гадавіну ўвядзення ваеннага становішча ў краіне (абноўлена)
У Польшчы акурат, тым часам, адзначаюць 39-ю гадавіну ўвядзення ваеннага становішча ў краіне.
Маршалак Падляшшы Артур Касіцкі разам з прадстаўнікамі руху „Салідарнасць” усклаў кветкі да помніка блаславёнаму ксяндзу Ежы Папялушку.
Як нагадваюць гісторыкі, уноч з 12 на 13 снежня 1981 года, камуністычныя ўлады ПНР на чале з генералам Войцехам Ярузэльскім увялі ў краіне ваеннае становішча. Яго мэтай была ліквідацыя грамадскіх пратэстаў і спыненне дэмакратычных працэсаў, распачатых у жніўні 1980 года. Афіцыйнай прычынай такога рашэння стала пагаршэнне эканамічнага становішча краіны і пагроза дзяржаўным структурам.
Ваеннае становішча было перш за ўсё ўдарам па руху „Салідарнасць”, лічыць гісторык з Інстытуту нацыянальнай памяці Тадэвуш Рузікоўскі. Камуністычныя ўлады вывялі на вуліцы танкі, бронетранспарцёры, тысячы міліцыянтаў.
Ваеннае становішча працягвалася ў Польшчы 586 дзён. У гэтым часе, паводле розных ацэнак, загінулі ад 50-100 чалавек. Інтэрнаваныя былі больш за 10 тысяч актывістаў „Салідарнасці”. Улады прыпынілі публікацыю амаль усёй прэсы. Мілітарызавалі радыё, тэлебачанне і буйныя прадпрыемстваў. Забараняліся забастоўкі і масавыя акцыі пратэсту, а тыя якія адбываліся, былі жорстка здушаныя арміяй і міліцыяй. 16 снежня падчас мірнага пратэсту на шахце „Вуек” былі забітыя 9 шахцёраў, а больш за 20 іншых паранена.
Беларускае Радыё Рацыя