У Польшчы адзначаюць Нацыянальны дзень памяці „выклятых жаўнераў”



У Польшчы сёння адзначаюць Нацыянальны дзень памяці „выклятых жаўнераў”. Дзяржаўнае свята адзначаецца з 1 сакавіка 2011 года ў гонар жаўнераў польскага вызваленчага і антыкамуністычнага падполля.  У сувязі з пандэміяй сёлета ў Беластоку не будзе афіцыйных урачыстасцяў і Маршу памяці „выклятых жаўнераў”.

Сёння раніцай маршалак Артур Касіцкі і Багуслаў Дэмбскі, старшыня Сейміку, ушанавалі памяць жаўнераў, усклаўшы кветкі і вянкі да памятных месцаў.

Найбольш вядомым  „выклятым жаўнерам” з’яўляецца ротмістр Вітольд Пілецкі. Ён быў увязнены ў канцлагер Аўшвіц, дзе стаў арганізатарам руху супраціву. Аўтар сведчанняў пра Халакост.  Пасля быў камуністычнымі ўладамі Народнай Польшчы абвінавачаны і прыгавораны да смяротнага пакарання. Расстраляны ў 1948 годзе. 

У лік „выклятых жаўнераў” уключаныя таксама жаўнеры сумнавядомых на  Падляшшы Рамуальда Райса “Бурага” і маёра Зыгмунта Шэндзеляша “Лупашкі”. Аддзяленні польскага ўзброенага падполля адказныя за пацыфікацыю беларускіх вёсак на Падляшшы ў 1946 годзе  і смерць праваслаўных вазакоў. Менавіта „Бурага” і „Лупашку” праслаўляюць крайнеправыя сілы, якія ўжо некалькіх гадоў запар ладзілі ў Гайнаўцы Маршы памяці „выклятых жаўнераў”.  

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: wrotapodlasia.pl