У Польшчы адзначылі 50-ю гадавіну падаўлення студэнцкіх пратэстаў



У Польшчы адзначылі пяцідзясятую гадавіну падаўлення студэнцкіх пратэстаў. Падзеі сакавіка 1968 года сталі кульмінацыяй антысеміцкай кампаніі ў Польскай Народнай Рэспубліцы.

Пра дзяржаўны антысемітызм у ПНР распавядае прафесар Варшаўскага ўніверсітэта, супрацоўнік Габрэйскага гістарычнага інстытута Анджэй Жбікоўскі:

– Гэта кампанія разышлася па краіне. Іх не было шмат, магло быць каля 40 тыс. Пачалі на іх паляваць, звальняць іх з працы, пачынаючы з войска, установаў, сканчаючы фабрыкамі. Кожная ўстанова хацела знайсці габрэя і выкінуць яго. Пачаўся прэсінг, каб яны выбіралі эміграцыю.

У выніку пераследу асобаў габрэйскай нацыянальнасці Польшчу пакінула каля 20 тысяч чалавек. Падчас акцыі памяці падзей сакавіка 1968 года, прэзідэнт Польшчы Аджэй Дуда, прамаўляючы на галоўным кампусе Варшаўскага універсітэта, ад імя польскага народу і дзяржавы, прасіў прабачэння ў ахвяр антысеміцкай кампаніі другой паловы 60-х гадоў.

Эдуард Жолуд, Беларускае Радыё Рацыя