У Польшчы адзначылі Дзень нацыянальнай адукацыі



14 кастрычніка ў Польшчы адзначаецца Дзень нацыянальнай адукацыі. З гэтай нагоды ўрачыстасць у гонар педагогаў і працаўнікоў асветы арганізавала Падляшскае аддзяленне адукацыі ў Беластоку. Настаўнікі атрымалі медалі і крыжы “За заслугі”. Сярод узнагароджаных былі таксама педагогі беларускай нацыянальнасці. Паводле Янкі Зенюка, метадыста навучання праваслаўнай рэлігіі, настаўнікі беларускай мовы апрача штодзённай працы ў школе павінны прыцягваць увагу да працы ў сваім асяродку:

– Веды, якія дае настаўнік на ўроках, накіраваныя толькі да вучняў. Але нам трэба ствараць адмысловую атмасферу, каб бацькі і ўсе тыя, хто жыве ў беларускім асяродку, стварылі спрыяльны клімат для развіцця не толькі вывучэння беларускай мовы, гісторыі, але і развіцця беларускай культуры і традыцый.

Медалі і крыжы “За заслугі” з нагоды дня нацыянальнай адукацыі атрымала каля 500 настаўнікаў з Беласточчыны. У Падляшскім ваяводстве працуе каля 24 тысяч настаўнікаў.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота sp1oz.wrotapodlasia.pl