У Польшчы будуць заахвочваць да выкарыстання моваў меншасцяў



Брашуры, улёткі ды інтэрнэт-старонка будуць заахвочваць да больш актыўнага выкарыстання моваў меншасцяў у Польшчы. Міністэрства адміністрацыі і лічбавізацыі цягам верасня і кастрычніка плануе праводзіць рэкламную кампанію сярод органаў самакіравання, бацькоў школьнікаў ды прадстаўнікоў меншасцяў з мэтай павелічэння прысутнасці меншасных моваў у розных сферах жыцця.

Паводле старшыні Беларускага саюзу ў Польшчы Яўгена Вапы, час правядзення кампаніі перад выбарамі ў мясцовае самакіраванне не спрыяе вялікаму яе поспеху:

– Вядома, што ўсе справы, звязаныя з двухмоўнымі назвамі ў нашым ваяводстве ці правамі нацыянальных меншасцяў, будуць замятацца пад дыван і пра іх не будуць успамінаць. Можна пачакаць яшчэ 2 месяцы, калі будуць абраны новыя ўлады. Яны зараз адказваюць за лёс малых айчынаў. Гэта мусяць быць сустрэчы, асобныя навучанні. І ў гэтай сферы павінен быць сур’ёзны распрацаваны план не трох сустрэчаў, а шматгадовай працы.  

З 2005 года ў Польшчы дзейнічае закон аб меншасцях, які дазваляе уводзіць у якасці дадатковай мову меншасці і ўсталёўваць двухмоўныя табліцы ў гмінах, дзе 20 і больш працэнтаў жыхароў атаясамляюць сябе з нацыянальнай або этнічнай меншасцю. Паводле апошняга перапісу, у дзевяці гмінах колькасць беларусаў перавышае 20%. З іх у пяці – беларуская мова мае статус дадатковай мовы. Двухмоўныя дарожныя знакі з’явіліся толькі ў гміне Орля.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота samiosobie.info