У Польшчы чакаюць павелічэнне патоку мігрантаў з Беларусі
Польшча заўважыла павелічэнне колькасці мігрантаў на беларуска-польскай мяжы і лічыць, што з пацяпленнем іх колькасць вырасце. Пра гэта заявіў прадстаўнік міністра-каардынатара спецслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын.
Жарын адзначыў, што мігранты трапляюць на беларуска-польскую мяжу з Расеі.
«Апошнія паведамленні Польскай памежнай аховы паказваюць, што міграцыйны струмень, які падтрымліваецца Расеяй і Беларуссю, зноў выкарыстоўваецца больш інтэнсіўна. Мігранты на граніцы паміж Беларуссю і Польшчай прыбываюць з Расеі. Менавіта Крэмль з’яўляецца бенефіцыярам гэтай дзейнасці», – заявіў Жарын. Ён дадаў, што Польшча лічыць сітуацыю на граніцы гібрыднай аперацыяй, якая з’яўляецца часткай расейскай агрэсіі супраць Захаду.
Польшча лічыць, што з надыходам цёплага надвор’я ва Усходняй Еўропе патокі мігрантаў павялічацца. Гэта можа адбыцца ў найбліжэйшыя тыдні і месяцы, але ўсё залежыць ад палітычнага рашэння Расеі.
Як паведамляе памежная служба Польшчы, 28 лютага нелегальна перасячы мяжу з боку Беларусі спрабавалі 46 чалавек, 1 сакавіка – 93 чалавекі, 2 сакавіка – 74 чалавекі.