У Польшчы гастарбайтэрам дазволяць перавозіць свае сем’і
У Польшчы плануюць змяніць некаторыя правілы знаходжання працоўных мігрантаў, якія рэгулююцца Законам аб іншаземцах і рынку працы. Тыя, хто мае дазвол на пражыванне і працу ў Польшчы, праз год пасля яго атрымання змогуць перавезці да сябе сваякоў.
Як піша „Gazeta Prawna”, разлічаны гэтыя новаўвядзенні, у асноўным, на ўкраінскіх мігрантаў, а не беларускіх. Маючы „безвіз” украінцам прасцей выехаць на працу. Аднак сёння ў Польшчы таксама могуць працаваць і атрымліваць від на жыхарства грамадзяне Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы, Расеі. Польскія ўлады гатовы прыняць да 400 тысяч імігрантаў у год. Палову з іх складуць, хутчэй за ўсё, украінцы.
„Змены накіраваны на тое, каб спрыяць аблягчэнню рассялення ў Польшчы грамадзян культурна блізкіх краін, якія маюць кваліфікацыю ў прафесіях, пажаданых для польскай эканомікі”, – цытуюць законапраект польскія СМІ.
Новыя правілы азначаюць, што імігрант зможа перавезці сваю сям’ю праз паўтара года пасля прыбыцця ў Польшчу і атрымаць дазвол на пастаяннае пражыванне на працягу трох гадоў. Сёння від на жыхарства даводзіцца чакаць не менш за чатыры гады.