У Польшчы могуць стварыць спецыяльны фонд для беларускіх студэнтаў



Польскія студэнты звярнуліся да палітычных лідараў Еўразвязу з просьбай стварыць спецыяльны фонд для беларускіх студэнтаў.

Да 4 траўня ў Беларусі затрымана 466 студэнтаў, а 44 па-ранейшаму знаходзяцца за кратамі, паведаміў старшыня Незалежнага саюзу студэнтаў Кшыштаф Бялас. Прадстаўнікі NZS абмеркавалі сітуацыю студэнтаў з Беларусі з кіраўніком канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы Міхалам Дворчыкам.

Той сказаў, што зварот саюзу накіраваны прэмʼер-міністру Матэвушу Маравецкаму. «Мы вельмі рады, што студэнты дапамагаюць Беларусі», – дадаў Дворчык і нагадаў, што з 2006 года дзейнічае праграма імя Кастуся Каліноўскага. Дзякуючы ёй звыш 1700 асобаў з Беларусі могуць вучыцца ў Польшчы. Летась на гэтую праграму было выдзелена больш сродкаў, што дазволіла прыняць дадаткова 700 студэнтаў.

 Беларускае Радыё Рацыя