У Польшчы на помніку замазалі імя „Бурага” (абноўлена)



Невядомыя нанеслі надпіс „Забойцы” і замалявалі прозвішча Рамуальда Райса „Бурага” на помніку ў гонар „выклятых жаўнераў” у гміне Посвентнэ (Падляшскае ваяводства). Вядзецца следства. Справа датычыць памятнай шыльды, на якой размешчаны надпіс: „У памяць пра жаўнераў 3-й Віленскай брыгады Нацыянальнага вайсковага задзіночання”.

Помнік у гонар „Бурага” выклікае неадназначную рэакцыю не толькі сярод беларусаў Падляшша, кажа старшыня Беларускага гістарычнага таварыства Алег Латышонак:

– Гэта паказвае, што частка польскага грамадства штораз разбудоўвае гэты культ, але частка гэтаму супрацьстаіць. Мы мусім памятаць, што нявінных ахвяраў было поўна не толькі ў беларускіх вёсках, але таксама ў польскіх. Людзі памятаюць, як паводзілі сябе гэтыя жаўнеры. Цяпер могуць казаць, што гэта былі служакі камунізму, але ваявалі яны з палякамі.

15-га ліпеня ў гміне Посвентнэ быў адкрыты памятны абеліск у памяць пра 4 „выклятых жаўнераў”: Рамуальда Райса „Бурага”, Казіміра Хмелеўскага „Рэкіна”, Уладыслава Лукасюка „Млота” і Люцыяна Мінкевіча. Помнік быў адкрыты пры ўдзеле чыноўнікаў, прадстаўнікоў Інстытута нацыянальнай памяці ды каталіцкага духавенства. Дзеянні Рамуальда Райса „Бурага” прызнаны Інстытутам нацыянальнай памяці злачынствам з прыкметамі генацыду.

Правядзем рэгістрацыю ўсіх помнікаў на Беласточчыне, пастаўленых у гонар бязвінна загінулых з рук польскага ўзброенага падполля, у тым ліку і пад камандаваннем Рамуальда Райса (псеўданім „Буры”). У планах і кніга ўспамінаў пра пасляваенны перыяд на Беласточчыне – гэта тое, што можам рабіць, каб захаваць памяць пра нашую тут прысутнасць і ўшаноўваць памяць пра тых, хто заплаціў самую высокую цану за сваю беларускасць і праваслаўе, – кажа старшыня Беларускага Гістарычнага Таварыства, прафесар Алег Латышонак.

– Самае важнае для мяне як беларуса, каб нарэшце ўзніклі помнікі з беларускімі надпісамі. Гэтых людзей мардавалі дакладна за тое, што яны былі беларусамі. Пра гэта сведчаць лістоўкі, якія заставаліся на месцах спаленых вёсак. І таму, думаю, мусяць узнікнуць помнікі на беларускай мове, паколькі мы духовыя нашчадкі тых людзей, якія загінулі як беларусы.

Сябры Беларускага Гістарычнага Таварыства ладзяць падарожжа крывавым шляхам Рамуальда Райса (псеўданім „Буры”), адказнага за смерць звыш 80 мірных жыхароў беларускіх вёсак і пацыфікацыі Вулькі Выганоўскай, Залешан, Шпакоў, Зані і Канцавізны у канцы студзеня – пачатку лютага 1946 году.

У 2005 годзе ІПН кваліфікаваў дзеянні адзелу Рамуальда Райса як злачынства з прыкметамі генацыду.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя