У Сямятычах нават не хочуць чуць слова „беларускі”



21 траўня ў Доме Культуры ў Орлі пройдзе 29-ы рэгіянальны агляд беларускай песні 2022 Сямятыцкага павета. Як мы паведамлялі раней, бургамістр Сямятыч Пётр Сіняковіч адмовіў Беларускаму Грамадска-Культурнаму Таварыству ў правядзенні мерапрыемства, спасылаючыся на так званую складаную палітычную сітуацыю – гаворыць старшыня БГКТ Васіль Сегень:

– Я вёў перамовы з рознымі людзьмі, але яны ўсе баяцца ўзяць на сябе адказнасць арганізаваць беларускае мерапрыемства. Мы чулі такія словы, каб памяняць назву, каб не было гэтага слова „беларуская песня”. З іх боку былі перамовы „лакальная песня”, „рэгіянальная песня”. Так што гэта не ўдалося арганізаваць конкурсны адбор. Але руку дапамогі падаў нам Дом культуры ў Орлі.

Бургамістр Сямятыч не змяніў рашэння нават пасля ліста Старшыні Соймавай Камісіі па справах нацыянальных і этнічных меншасцяў, які быў накіраваны 27 кастрычніка, з заклікам адмяніць рашэнне і дазволіць БГКТ правесці рэгіянальны агляд Беларуская песня 2022, які ў гэтым годзе праходзіць пад лозунгам «салідарныя з Украінай» – у Сямятыцкім доме культуры.

Беларускае Радыё Рацыя