У Польшчы непрышчэпленым ад каронавіруса будуць тэлефанаваць



Міністр аховы здароўя Польшчы Адам Нядзельскі падчас прэс-канферэнцыі ў Беластоку абвясціў пра пачатак новай акцыі тэлефанавання да непрышчэпленых ад каронавіруса асобам.

Такім чынам урад мае намер заахвоціць скептыкаў зрабіць прышчэпку супраць COVID-19.

– З сённяшняга дня пачынаем акцыю тэлефанавання тым асобам, якія яшчэ не прышчапіліся. Будзе зроблена каля мільёну тэлефанаванняў бліжэйшым часам. Хочам дайсці да тых, хто яшчэ не зрабіў прышчэпку, хочам даць ім магчымасць. Ім трэба толькі адказаць на пытанне, а ўжо кансультант на інфалініі  дамовіцца непасрэдна з пацыентам.

На пытанне ці з’явіцца магчымасць для замежнікаў, у тым ліку для грамадзянаў Беларусі, якія не жадаюць рабіць расейскую ці кітайскую вакцыны, прыехаць у Польшчу і платна прышчапіцца Pfizer, Moderna ці іншымі прызнанымі ў Еўразвязе вакцынамі, міністр адказаў наступнае:

– Прышчэпкі накіраваныя на нашых грамадзян і на тых, хто знаходзіцца легальна ў Польшчы і таксама мае права быць прышчэпленымі. Калі пытанне пра платныя прышчэпкі, то гэтае рашэнне будзем прымаць восенню.

У бліжэйшы час здымаць абавязковы каранцін з асобаў, якія прыбываюць у Польшчу з краінаў па-за Шэнгенскай зоны, што датычыць таксама Беларусі, не плануецца – паведаміў міністр аховы здароўя Польшчы Адам Нядзельскі. З яго слоў, усё будзе залежыць ад роўню вакцынацыі ў краіне, паколькі гэта зараз з’яўляецца асноўным паказчыкам калектыўнага імунітэту.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя