У Польшчы новыя абмежаванні ў сувязі з трэцяй хваляй каронавірусу
Трэцяя хваля каронавірусу ў Польшчы паскараецца, – папярэджвае міністр аховы здароўя Адам Нядзельскі.
На сённяшняй прэс-канферэнцыі ён звярнуў увагу на рост колькасці каронавірусных інфекцый у апошнія дні. Яны перавысілі 12 тысяч. Акрамя таго, з’явіліся новыя мутацыі каронавірусу. Найбольш трывожная сітуацыя ў Вармінска–Мазурскім ваяводстве. Там з 27 лютага вяртаюцца больш жорсткія абмежавальныя меры. Па ўсёй Польшчы з 27 лютага больш строгім будзе маскавы рэжым. Не можна будзе ўжо закрываць рот і нос шалікам ці хусткай, а шчыткі можна выкарыстоўваць як дадатковую ахову да масак.
– Шчыткі ў першую чаргу бароняць вочы і верхнюю частку твару. Яны дазваляюцца, але не як замена маскі, а дадатковы элемент да маскі.
Як адзначыў міністр аховы здароўя ў Польшчы, надалей абавязвае прынцып Д-Д-М: дыстанцыя – дэзінфекцыя – маска.
Таксама прадстаўленыя былі новыя абмежаванні на паўднёвых межах Польшчы – з 27 лютага каранцін пасля прыбыцця з Чэхіі і Славаччыны.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: polishnews.co.uk