У Польшчы пачынаюць выдаваць накіраванне на вакцынацыю трэцяй дозай вакцыны ад COVID-19
З 2 лістапада ў Польшчы пачнуць выдаваць накіраванне на вакцынацыю трэцяй дозай вакцыны супраць каронавірусу людзям ва ўзросце старэйшым за 18 гадоў.
Пра гэта паведаміў міністр аховы здароўя Адам Нядзельскі. Паводле яго, накіраванне будзе выдадзена ўсім прышчэпленым праз шэсць месяцаў пасля ўвядзення апошняй дозы.
На пачатку кастрычніка Еўрапейскае агенцтва па лекавых сродках рэкамендавала ўводзіць трэцюю дозу вакцыны ад COVID-19 вытворчасці кампаніяў Pfizer/BioNTech або Moderna людзям з паслабленай імуннай сістэмай.
У Польшчы трэцюю дозу вакцыны ўжо ўводзяць людзям старэйшым за 50 гадоў і медыкам, якія маюць прамы кантакт з пацыентамі.
Падляшша застаецца на трэцім месцы пасля Мазавецкага і Люблінскага ваяводстваў па росце інфікаванняў – за мінулыя суткі ў рэгіёне выяўлена 439 новых заражэнняў. Зафіксаваны адзін памерлы ад ковіду пацыент, жыхар Высокамазавецкага павету.
Беларускае Радыё Рацыя