Польшча падоўжыла эпідэмічныя абмежаванні 



Дзеючыя эпідэмічныя абмежаванні падоўжаны да 18 красавіка, заявіў міністр аховы здароўя Польшчы Адам Нядзельскі, адзначыўшы, што толькі праз тыдзень стане ясна, які ўплыў велікодныя святы аказалі на развіццё трэцяй хвалі эпідэмій.

„У шпіталях вельмі складаная сітуацыя”, – растлумачыў ён і падкрэсліў, што дадзеныя аб новых заражэннях за апошнія дні „занадта слабы сігнал для аптымізму”:

– Мы прынялі рашэнне, што абмежаванні, якія зараз дзейнічаюць, будуць падоўжаныя больш чым на тыдзень. Бо мы хочам, каб гэта быў перыяд, які ахопіць уікэнд. Неабходнасць  выканання правілаў бяспекі будзе дзейнічаць да 18 красавіка. І тады ўжо на наступным тыдні будзем думаць, што рабіць далей.

Такім чынам, да 18 красавіка застануцца зачыненымі гандлёвыя цэнтры і галерэі ( за выключэннем, у прыватнасці, прадукатовых крам, аптэк, шапікаў з прэсай і кнігарняў). Зачыненыя таксама мэблевыя крамы плошчай больш за 2 тысячы квадратных метраў, дзіцячыя садкі, касметычныя салоны, цырульні, не працуюць тэатры, кінатэатры, музеі, мастацкія галерэі, закрытыя басейны, сауны, салярыі. Дзейнасць спартовых аб’ектаў даступная толькі для прафесійных спартоўцаў.   

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: РАР