У Польшчы павялічаць выдаткі на ахову помнікаў нацменшасцяў?



У Польшчы плануецца павелічэнне выдаткаў на ўтрыманне помнікаў і культурнай спадчыны нацыянальных меншасцяў. Пра гэта было заяўлена на пасяджэнні пастаянай каімісі Сейма Польшчы па справах нацыянальных і этнічных меншасцяў.

Кажа намеснік дырэктара Дэпартамента па ахове помнікаў Катажына Заласіньска:

– Сітуацыя з аховай, кансервацыяй, рэстаўрацыяй помнікаў на тэрыторыі ўсёй Польшчы патрабуе большых выдаткаў. Помнікі культуры нацыянальных меншасцяў з’яўляюцца элементам нашай спадчыны. Нашай мэтай з’яўляецца не столькі павелічэнне, колькі выраўнанне прапорцый. Спадарыня міністр Магдалена Гавін выступіла за павелічэнне датацый па прынцыпу выраўнання дыспрапорцый.

Як высветлілася падчас пасяджэння камісіі, прапанова міністра культуры пакуль не знайшла фінансавага вымярэння ў бюджэце Польшчы на 2018 год. Працягвае намеснік старшыні камісіі Сейма Польшчы па справах нацыянальных і этнічных меншасцяў Рышард Гала:

– Першае чытанне праекта бюджэта дзяржавы на 2018 год, з прыкрасцю павінен адзначыць, або недахоп адпаведнай камунікацыі паміж міністэрствамі, або гэтыя лісты разыходзяцца. Шкада, што сёння няма галоўнага рэстаўратара помнікаў, спадарыні міністр, бо магу сказаць з поўнай адказнасцю, што нічога не змянілася.

Пасяджэнне камісіі працягнецца заўтра. Дэпутаты намераны ўнесці змены ў бюджэт і павялічыць выдаткі на ўтрыманне помнікаў нацыянальных меншасцяў.

Эдуард Жолуд, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава