Агульнапольская акцыя пратэсту фермераў (абноўлена)
Перамовы паміж гаспадарамі аб’яднанымі ў арганізацыю сельскагаспадарчых прафсаюзаў пад кіраўніцтвам Славаміра Іздэбскага і Міністэрствам сельскай гаспадаркі прыпыненыя.
Каля тысячы гаспадароў прыехалі 11 лютага ў Варшаву, і пасля зрыву перамоваў застаюцца ў сталіцы.
“Да вырашэння сваіх праблемаў”, – кажа Славамір Іздэбскі.
– Тры асноўныя патрабаванні мусяць быць зрэалізаваныя, калі яны не будуць вырашаныя, гэта засведчыць, што міністр антыгаспадарчы, антыпольскі і антычалавечы.
Лідар пратэстуючых гаспадароў Славамір Іздэбскі заявіў, што калі міністр сельскай гаспадаркі не пагодзіцца на асноўныя патрабаванні, а гэта вышэйшыя кампенсацыі за затраты, а таксама гарантаваць мінімальныя кошты па скупцы малака і мяса, пратэст будзе пашыраны.
Тым часам частка прафсаюзаў і сельскагаспадарчых арганізацый падпісалі 11 лютага ў Варшаве пагадненне з міністрам сельскай гаспадаркі Маркам Савіцкім.
* * *
Перамовы ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі працягваюцца, паведаміў прэсавы сакратар міністэрства. З перамоўнага працэсу выйшлі прадстаўнікі ОПЗЗ з сваім кіраўніком Славамірам Іздэбскім, які выйшаў пасля 20 хвілінаў сустрэчы. „Пратэстуем так, каб нас пачулі”, – кажа адзін з пратэстоўцаў у Варшаве.
– Пратэстуем у той спосаб, у які можам. Калі мы развязваем нашыя праблемы падчас розных перамоваў, ціха-мірна, тады з нашых прапановаў толькі смяюцца. Пакуль мы не пачынаем пратэставаць жорстка. Калі нас не жадаюць слухаць, то мы выбіраем такія формы пратэсту, якія ў гэтай краіне пачуюць.
Вядома што акцыя пратэсту фермераў на дарозе Беласток-Варшава будзе працягвацца да 22-й гадзіны.
Пратэстуючыя фермеры рыхтуюць супольную з гарнякамі са Шлёнска акцыю пратэсту ў Варшаве.
* * *
Сарваныя перамовы паміж міністрам сельскай гаспадаркі Маркам Савіцкім і прадстаўнікамі сельскай галіны, якія пратэстуюць. Па словах фермераў, міністр Савіцкі запрасіў іх на перамовы не па тэме, апрача гэтага пратэстоўцы патрабавалі, каб перамовы маглі чуць журналісты. У зале, дзе праходзілі перамовы, і вакол будынка міністэрства былі ўведзеныя паліцэйскія.
– У якай справе задзейнічаны паліцэйскія? У чым справа? Як можна? У нас дэмакратычнае грамадства. Медыя мае права слухаць, калі нехта кажа бздуры – то павінна гэта паказаць, хто б гэта не рабіў. Гэтыя падзеі мне нагадваюць камуністычныя часы. Мы ўжо з міністрам размаўлялі, ён запрасіў 50 чыноўнікаў… і зноў тое ж самае. Сотні паліцэйскіх – у якой справе яны тут?
Пратэстоўцы адмовіліся весці перамовы ў такіх умовах. Заяўляюць, што пратэсты будуць пашырацца. На заўтра запланаваны вялікі супольны пратэст гарнякоў са Шлёнска і фермераў з розных регіёнаў Польшчы.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Больш за 50 фермераў, якія блакавалі дарогу пад Заблудавам, выехалі на трактарах пратэставаць у Варшаву. Яны далучаюцца да агульнапольскай кампаніі блакавання вуліцаў сталіцы. Сёння ў Варшаву пад Польскі Сойм з’едзецца каля 500 фермераў з усёй краіны. Паліцыя папярэджвае, што не ўпусціць трактары ў горад.
Фермеры:
– Зараз едзем праз Беласток. Пабачым, што будзе далей. Не ведаю, як далёка заедзем, бо нібыта ў Варшаву нас не збіраюцца пускаць.
– Як не пусцяць, то пакінем трактары пасярод дарогі і пойдзем пешшу да пана міністра.
– Едзем у Беласток, там далучымся да фермераў. І ўсе разам едзем у Варшаву.
– Пан міністр і пані прэм’ер мусяць ведаць, што з цэлага краю з’язджаюцца фермеры, бо дайшло да таго, што ўвесну ніхто не выйдзе ў поле, бо кожны фермер стаў банкротам.
Польскія земляробы патрабуюць ад урада даплатаў па прадукцыі мяса і малака, а таксама большых кампенсацыяў за страты ад дзікоў. Магчыма, што да пратэстуючых з-пад Заблудава далучацца таксама фермеры, якія блакуюць нацыянальную дарогу С-8 пад Паросламі.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Заблудаў
* * *
Пратэстоўцы папярэдзілі, што сёння пачнуць блакаваць трактарамі Варшаву. Тут мае адбыцца агульнапольская акцыя пратэсту. У сталіцу паедуць таксама і падляшскія фермеры, якія ўжо некалькі дзён блакуюць рэспубліканскую дарогу нумар 19-ць у ваколіцах Заблудава. Выезд запланаваны на 9-тую гадзіну. Тады праўдападобна і завершыцца іхні пратэст пад Заблудавам.
У сваю чаргу іншая група пратэстоўцаў, якая блакуе трасу на Варшаву ў ваколіцах мясцовасці Порослы ў сталіцу не збіраецца. На рэспубліканскай “васьмёрцы” фермеры маюць намер застацца згодна з ранейшымі заявамі да дзясятай гадзіны вечара ў сераду.
Пра агульнапольскую акцыю пратэсту ў Варшаве заявіў лідар сельскагаспадарчых прафсаюзаў OPZZ – Sławomir Izdebski. Фермеры патрабуюць ліквідацыі пагалоўя дзікоў і большых кампенсацыяў, за выкліканыя гэтымі звярамі шкоду. Патрабуюць таксама даплатаў па мясной і малочнай прадукцый.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота pomorska.pl