У Польшчы праз інтэрнэт можна забраніраваць час пераходу мяжы



Новаўвядзенне ўвяла Мытная служба Польшчы, сістэма стартуе 5 кастрычніка.

Мяжа

Кіроўцы вялікагрузных аўтамабіляў будуць мець магчымасьць забраніраваць час перасякання мяжы. Зрабіць гэта можна на сайце www.e-booking.gov.pl, паведамілі Польскаму радыё ў Мытнай службе Польшчы, якая ўваходзіць у структуры Міністэрства фінансаў. Тэрмін браніруецца максімальна на 30 дзён наперад. На электронную пошту кіроўца фуры атрымае пацверджанне рэзервацыі.

Сістэма, якая называецца „eBooking TRUCK”, уводзіцца на КПП „Карошчын” на мяжы з Беларуссю, і на КПП „Гжэхоткі” на мяжы з Расеяй (Калінінградская вобласць). На працягу двух гадоў сістэма будзе працаваць у тэставым рэжыме. У выпадку адсутнасці сур’ёзных праблем сістэма „eBooking TRUCK” будзе ўведзена на іншых аўтапераходах.

Мытная служба таксама не выключае, што падобная сістэма будзе ўведзеная для легкавых аўтамабіляў.